Рашэнне прынятае: студэнтаў выселяць на час ЧМ па хакеі

Андрэй Новікаў, які адказны за падрыхтоўку гатэляў Менску да Чэмпіянату свету па хакеі, пацвердзіў жаданне менскіх уладаў выселіць з інтэрнатаў студэнтаў на час спартовай падзеі. Самім насельнікам інтэрнатаў, а таксама іхнім камендантам і выхавальнікам, прыйдзецца папрацаваць на замежных гасцей у час ЧМ.

Чыноўнікі лічаць, што студэнты — «выдатныя супрацоўнікі» — таму у час хакейнага чэмпіянату іх накіруюць на пасады афіцыянтаў і пакаёвак на аб’екты ЧМ. Аб гэтым заявіў кіраўнік упраўлення бытавога і гасцінічнага абслугоўвання насельніцтва Мінгарвыканкама Андрэй Новікаў.

Адным з самых непрыемных момантаў уладкавання гэтых аб’ектаў стане высяленне студэнтаў з інтэрнатаў. Бо ў траўні 2014 года 12 былых студэнцкіх інтэрнатаў стануць бюджэтным гасцінічным варыянтам для заўзятараў. Будынкі ўжо некалькі гадоў рыхтуюць да чэмпіянату, што на сабе адчулі многія студэнты.

Найбольш пацерпяць студэнты, што жывуць у студэнцкай вёсцы: раней чыноўнікі не раз казалі, што, верагодна, уся яна апынецца расселенай. Андрэй Новікаў пацвердзіў, што выселяць (у мэрыі гэта называюць «рацыянальнай перакампаноўкай») студэнтаў БДУ, МДЛУ, БДМУ і БДУІР. Раней сярод універсітэтаў, чые інтэрнаты пойдуць на патрэбы сусветнага хакею, называліся таксама БДЭУ і БНТУ.

На вакацыі з 31.03. па 01.06.

Чыноўнікі абяцаюць правесці аперацыю «бязбольна». Аднак самае балючае не толькі для ўніверсітэтаў, але і для студэнтаў пытанне: што рабіць з навучаннем у час чэмпіянату — за год да падзеі не вырашанае.

Мэрыя спадзяецца на спыненне навучальнага працэсу. Па адным з планаў з 31 сакавіка па 1 чэрвеня 2014 г. усе студэнты 1-4-х курсаў БДУ, БДУІР, БДЭУ, БДМУ, БДПУ, МДЛУ і БДТУ мусяць пайсці на вакацыі. Альбо, як кажуць чыноўнікі, навучэнцаў будзе чакаць вялікая інтэрнацкая «перакампаноўка».

Такім чынам больш за сто тысячаў менскіх студэнтаў будуць у наступным годзе вучыцца на некалькі тыдняў меней. Таксама ім прыйдзецца троху хутчэй здаваць іспыты ўзімку. Пераздачы ж экзаменаў, верагодна, будуць праходзіць ужо у час наступнага семестру, які пачнецца адразу пасля завяршэння сесіі, без вакацый. Падрабязней пра навучальны план у год ЧМ па хакеі.

Якія інтэрнаты расселяць з 31 сакавіка 2014?

Расселяць усе інтэрнаты студэнцкай вёсцы на ўскрайку Менска (там вось-вось мусяць адкрыць метро), а таксама 8 іншых інтэрнатаў (па дадзеных interfax.by).


Якія інтэрнаты расселяць з 31 сакавіка 2014?

Студэнтаў адправяць вучыцца на афіцыянтаў

Па словах Андрэя Новіка, для абслугоўвання турыстаў у інтэрнатах спатрэбіцца крыху больш за 1 000 часовых працаўнікоў. Таму вырашана «абслугоўваючы персанал сфарміраваць за кошт студэнтаў тых ВНУ, на балансе каторых знаходзяцца інтэрнаты». Папрацаваць для чэмпіянату прыйдзецца таксама камендантам і выхавальнікам.

Для тых, хто захоча ўладкавацца на працу, да прыкладу, пакаёўкі, арганізуюць папярэдняе 4 месячнае навучанне.

«Будзе пашырана практыка выкарыстання студэнтаў дзённай формы навучання па гнуткім працоўным графіку альбо на няпоўную занятасць. Навучэнцы ВНУ — выдатныя супрацоўнікі, яны ўжо сёння ў нас працуюць з вялікім задавальненнем афіцыянтамі, пакаёўкамі. Яны з’яўляюцца дастаткова добрымі супрацоўнікамі, паколькі валодаюць моўнымі навыкамі, дэманструюць прагу да працы», — распавёў Андрэй Новікаў.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0596 seconds.