У Германіі чакаюць тысячы праграмістаў з усходу
За першыя паўгода дзейнасці міграцыйнай праграмы «сіняй карты» у Нямеччыну прыехалі болей за 4 тысячаў інжынераў і праграмістаў з усходніх краін і ЗША. Улады краіны задаволеныя праграмай і збіраюцца працягнуць практыку пошуку кваліфікаваных тэхнічных спецыялістаў за мяжой, найперш ва Украіне, Беларусі і Расіі.
Праграмісты і ўрачы з Беларусі і іншых краін, што знаходзяцца па-за ЕС і рыхтуюць высокакваліфікавынх спецыялістаў, апошнім часам надзвычай запатрабаваныя ў Германіі. Штогод краіне патрэбныя 300–400 тысячаў адукаваных мігрантаў, найперш тэхнічнай спецыялізацыі.
Год таму Нямеччына вырашыла пачаць актыўна прыцягваць такіх працаўнікоў праз механізм «сіняй карты» — працоўнай візы, для атрымання якой перад прыездам неабходна заключыць працоўны кантракт на 46 400 еўра ў год да вынятку падаткаў. Цяпер асабліва запатрабаваныя спецыялісты з галіны камунікацыйных і інфармацыйных тэхналогій, матэматыкі, архітэктары, інжынеры, дызайнеры і ўрачы акрамя стаматолагаў. Ім для таго, каб пачаць жыць і Нямеччыне і перавезці туды сям’ю, дастаткова заключыць працоўны кантракт на суму 35 000 еўра ў год.
Акрамя гэтага, Германія пачала выдаваць адмысловыя візы на паўгода для пошуку працы ў краіне. Для атрымання неабходна паказаць дыплом ВНУ, які прызнаецца ў Нямеччыне, а таксама мець пэўную суму на банкаўскім рахунку, што дазволіць жыць у Германіі цягам гэтага часу. З такой візай можна шэсць месяцаў вандраваць па Нямеччыне ў пошуках добрага працоўнага месца.
За мінулыя месяцы дзейнасці «сіняй карты» было выдадзена 4 126 дазволаў на працу для кваліфікаваных кадраў з-за межаў ЕС, перадае DW. Дзве траціны з іх атрымалі замежнікі, што ўжо знаходзіліся ў Германіі і скончылі нямецкія ВНУ. Яшчэ траціну склалі новыя працоўныя мігранты. Пакуль сярод тых, хто атрымлівае «сінюю карту», пераважаюць медыкі і інжынеры з Індыі, Кітая, Расіі і ЗША.