У vkontakte памнажаецца БРСМ, пратэстныя суполкі замерлі

Пакуль 3 млн беларусаў гартаюць старонкі з фоткамі коцікаў і сябровак, сотні БРСМаўцаў, кінутыя на сцены vk.com, паглыбляюцца ў прасоўванні камсамол-апрув кантэнту. У гэты ж час шматлікія пратэстныя суполкі, якія засвяціліся летам 2011, пачынаюць адступаць, губляючы прыхільнікаў, падпісчыкаў і лайкераў. 

Паўгода прайшло з моманту апошняй гучнай спробы спецслужбаў ліквідаваць найбольш папулярныя апазіцыйныя суполкі ў Vkontakte. Некалькі іх адміністратараў тады былі арыштаваныя, дзве суполкі знішчаныя, некаторыя апынуліся альбо часова ў турме, альбо назаўжды ў эміграцыі. Адначасова ідэолагі асабістай ўлады А. Лукашэнкі паспрабавалі змяніць стратэгію працы з сацыяльнымі сеткамі і пачалі гуляць па іх правілах, засяродзіўшыся на памнажэнні соцень суполак Vkontakte у сваю падтрымку. Як змяніўся палітычны ландшафт у самай папулярнай у беларусаў інтэрнэт-пляцоўцы за гэты час? Generation.by 6 месяцаў паглядваў за актыўнасцю БРСМ у Vkontakte, вынікі нашага назірання — у невялікім даследаванні.

Тое, што сацыяльныя сеткі трапяць у фокус дзяржаўных службоўцаў, стала зразумела амаль адразу пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 году. Афіцыйна аб крыжовым паходзе беларускіх ідэолагаў у Інтэрнэт было абвешчана ў сакавіку 2011 на нарадзе ідэалагічных супрацоўнікаў Мінска:

«Інтэрнэт запатрабаваны ў насельніцтва. Сацыяльныя сеткі прыцягваюць моладзь і аказваюць на яе уплыў. Таму электронныя носьбіты павінныя стаць адным са складальнікаў ідэалагічнай работы», — заявіў тады новаспечаны галоўны ідэолаг краіны, першы намеснік кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі Аляксандр Радзькоў.

На першым этапе справа рухалася не надта паспяхова. Роўна праз год пасля заявы пра накіраванне ідэолагаў у Інтэрнэт Радзькоў на чарговай нарадзе, толькі ўжо ў Віцебскай вобласці, наракаў на тое, што на ідэалагічныя сайты ніхто не ходзіць:

«Рэсурсы створаныя. Але хадзіць туды ніхто не будзе, калі там не будзе форумаў. Неабходна, каб людзі атрымлівалі граматныя адказы і разумелі працэсы, што адбываюцца», — выкрываў сакрэт поспеху ў Інтэрнэце былы міністр адукацыі.

500 блогаў супраць «грязи и лжи»

Не дапамаглі ідэолагам і 500 блогаў супраць «грязи и лжи», створаных у Інтэрнэце БРСМ. Аб такой колькасці блогаў афіцыйнага саюзу моладзі «ў сацыяльных сетках і на анлайн-сервісах» казаў год таму кіраўнік арганізацыі Ігар Бузоўскі. Галоўнай задачай блогаў БРСМ Бузоўскі бачыў «супрацьстаўленне бруду і хлусні, якія часцяком распаўсюджваюцца ў сетцы, карыснай і праўдзівай інфармацыяй».

Прыкладна ў гэты момант дзяржава пачынае пераарыентоўваць камунікацыі ў інтэрнэце на сацыяльныя сеткі, найперш на самую папулярную з іх у Беларусі — Vkontakte. Робіцца гэта рукамі БРСМаўцаў розных пасадаў і ступені пісьменнасці. Для падвышэння апошняй арганізацыя нават пачынае ладзіць адмысловыя семінары з назовамі кшталту «БРСМ on-line».

На такіх семінарах актывістам арганізацыі распавядаюць пра раскрутку суполак у VK, распаўсюд інфармацыі аб мерапрыемствах у Сеціве, даюць устаноўкі наконт «пісьменнай інфармацыйнай палітыкі» і тлумачаць, нарэшце, для чаго саюз моладзі прыходзіць у інтэрнэт».

Вынікі шматлікіх семінараў, якія закранулі нават вельмі далёкіх ад праблематыкі VK пасівелых ідэалагічных работнікаў цяжкой прамысловасці, не прымусілі сябе доўга чакаць. На момант мінулагодняй спробы спецслужбаў пазбавіцца ад прастэстных суполак, калі шэраг інтэрнэт-актывістаў былі арыштаваныя, а іншыя схаваліся за мяжой, БРСМ паспеў панаствараць у Інтэрнэце болей за 300 старонак і суполак у сваю падтрымку. Прычым сярод іх былі як звычайныя старонкі кшталту «МИНСК — БРСМ | НАМ — 10 ЛЕТ!» ці «БГАТУ включайся в БРСМ», гэтак і даволі экзатычныя як «Корпоративное направление БГУ БРСМ» і нават «Тайная организация БРСМ юрфака» (сапраўды таемная суполка).


На адным з семінараў БРСМ, на якіх распавядаюць, чаму БРСМ цяпер ідзе ў Інтэрнэт

Але запаветнай лічбы беларускіх ідэолагаў «500» БРСМаўцы пакуль так і не дасягнулі. 19 студзеня 2013 году ў VK было каля 430 суполак нэа-камсамолу, ад школьнай да агульнабеларускай, у назове якіх прысутнічае слова «БРСМ». Акрамя гэтага існавала яшчэ 38 карыстальнікаў, што ў сваіх імёнах пазначылі БРСМ, а іх профілі больш нагадваюць звычайныя суполкі альбо так званых «віртуалаў».

Гэта збольшага жывыя групы з некалькімі сотнямі ўдзельнікаў. Калі скласці лічбы, атрымліваецца даволі значная аўдыторыя. Колькасць карыстальнікаў, што ўступілі ў хоць адну суполку БРСМ, роўная 105 882 чалавек (гэту інфармацыю мы атрымалі праз падлік абсалютнай лічбы ўдзельнікаў суполак: старонак і груп, — якія мелі ў сваёй назве слова «БРСМ», пры гэтым не мелі ў назове адмоўных канатацый у бок гэтай арганізацыі, а таксама колькасць удзельнікаў якіх перавышала 5 чалавек). Канешне, рэальныя лічбы жывых карыстальнікаў-падпісантаў суполак БРСМ меншыя. Аднак варта ўлічваць таксама вялікую рэгіянальную разгалінаванасць суполак, якія вядзе БРСМ. Можна меркаваць, што іх удзельнікі слаба альбо ўвогуле не перасякаюцца, бо многія з іх жывуць у той мясцовасці, да якой належыць суполка. 

Кола падпісчыкаў гэтак сама як і колькасць саміх суполак працягвае расці. Калі паўгады таму іх было каля трохсот з аўдыторыяй ў 75 тысяч чалавек, то цяпер БРСМ мае 30 тысячаў дадатковых падпісчыкаў.

Бюджэт на прасоўванне інфармацыі ў сацыяльных сетках

У апошні гады многія беларускія PR-агенцыі пачалі прапаноўваць паслугі па прасоўванні кампаній у сацыяльных сетках (social media marketing ці SMM). Колькі гэта цяпер каштуе?

  • Кошт удзелу ў аднадзённым семінары па прасоўванні сайтаў у сацыяльных сетках у Менску ў жніўні 2012 году — $160.
  • Кошт «замовы» 100 фалоўвераў «з рэальных Twitter-акаўнтаў» за 7 дзён у беларускай кампаніі — $15.
  • Кошт вялікай рэкламнай кампаніі ў сацыяльных сетках — пачынаецца ад $925.

Пратэстныя суполкі ў VK губляюць уплыў

Аднак варта прызнаць, што ўплыў БРСМ у VK праз паўтары гады пасля спробы «рэвалюцыі ў сацыяльнай сетцы» пакуль яшчэ слабейшы за магчымасці некалькіх дзесяткаў апантаных актывістаў па гэтым і тым баках мяжы. На тры вядомыя палітычныя суполкі «НАДОЕЛ НАМ ЭТОТ ЛУКАШЕНКО», «ПЛОШЧА ПРАЦЯГВАЕЦЦА ТУТ» і «[Революция Через Социальную Сеть]►ДВИЖЕНИЕ БУДУЩЕГО» падпісаныя на 6 тыс. болей карыстальнікаў VK, чым чытаюць чатыры з нечым сотні суполак БРСМ. А суполка «Мы за Вялікую Беларусь» мае 88.3 тысячы падпісчыкаў — толькі на 15 тысяч меней за ўсе суполкі БРСМ разам узятыя. Аднак варта заўважыць, што адзін карыстальнік сацыяльнай сеткі можа быць падпісаны на некалькі як пратэстных, гэтак і БРСМ-суполак. Ёсць верагодна і такія, што праглядаць усе іх разам.

Але за апошні час расці атрымліваецца менавіта ў суполак БРСМ. Хаця самая буйная з іх мае цяпер каля 13 тыс. падпісчыкаў, гэта значна болей за тое, што было паўгода таму: пасля семінараў кола падпісчыкаў галоўнай БРСМ-старонкі вырасла на 60%.

ТОП-5 пратэстных суполак у VK

  1. Мы за вялікую Беларусь 88 281 удзельнік
  2. [Революция Через Социальную Сеть]►ДВИЖЕНИЕ БУДУЩЕГО 46 979 удзельнікаў
  3. НАДОЕЛ НАМ ЭТОТ ЛУКАШЕНКО 41 715 удзельнікаў
  4. ПЛОШЧА ПРАЦЯГВАЕЦЦА ТУТ 22 965 удзельнікаў
  5. Только ШОС! 12 652 падпісанты

Пратэстныя суполкі за той самы час наадварот у асноўным гублялі аўдыторыю. Суполка «Мы за Вялікую Беларусь» — адзіная з буйных, якая не трапіла пад (альбо ўстаяла ў) атацы спецслужбаў у 2012 годзе — згубіла за шэсць месяцаў каля 2 тыс. падпісчыкаў. Іншыя буйныя суполкі са словамі «ШОС» і «Лукашэнка» ў назовах хоць і здолелі аднавіцца пасля арыштаў сваіх стваральнікаў, але выраслі не моцна, захаваўшы ў асноўным усю тую ж аўдыторыю. Затое адна з суполак, «Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку», дзіўным чынам адкрыла аднайменны філіял ва Украіне. Лагатып і нават знаёмая колеравая гама на аватарцы 32-тысячнай суполкі РЧСС-Украіна нагадваюць пра яе беларускі след.

«Феерычныя выступы студатрадаў» 

Затое БРСМаўцы за гэты час разгарнулі сапраўдны ідэалагічны фронт барацьбы за лайкі. На старонках суполак іх мадэратары віншуюць карыстальнікаў з 10-годдзем арганізацыі, выкладаюць «прыколы на вяселлях», заклікаюць удзельнічаць у конкурсах дыджэяў і ўладароў вёскі і проста просяць «быць з намі». Адну з галоўных тэмаў паведамленняў у суполках БРСМ складаюць навіны. У іх можна знайсці паведамленні пра блакітнавокіх прыгажуняў, што прадставяць Беларусь на сусветных конкурсах, інтэрв’ю для БТ кіраўніцтва арганізацыі, расповеды пра «феерычныя выступы студатрадаў» і іншыя паведамленні з выключна афіцыйных крыніц. Пасля аналізу дзясятку публікацыяў са стужкі БРСМ прыходзіць адчуванне, што пэўная іх колькасць публікуецца цэнтралізавана, пасля адпаведнага загаду для ўсіх мадэратараў, што можа сыходзіць «зверху».

Дарэчы, ёсць і суполка пад назовам «мы супраць БРСМ», да якой далучыліся столькі ж карыстальнікаў, як і да, напрыклад, суполкі «БРСМ — БНТУ | ОБЪЕДИНЯЯ МОЛОДЕЖЬ» — больш за 3 500 чалавек. Што праўда, ні тая, ні другая суполка за апошнія паўгода не павялічылі лічбу падпісчыкаў, завіснуўшы на узроўні лета 2012 году.

ТОП-5 БРСМ суполак у VK

  1. МИНСК — БРСМ | НАМ 10 ЛЕТ! 13 152 удзельнікі
  2. БРСМ Московского района | Unification 6 280 удзельнікаў
  3. БРСМ://Ленинский. Online/всегда рядом/НАМ 10 ЛЕТ 5 691 удзельнік
  4. ОО «БРСМ» УО «БелГУТ» с правами РК 5 142 удзельнікі
  5. БРСМ Октябрьского района — друзья — это МЫ! 4 480 удзельнікаў

Канешне, гэтыя лічбы наўрад ці могуць служыць дакладным доказам тэзы, вынесенай у загаловак. Варта таксама памятаваць і аб слаўным вопыце гэтай арганізацыі, для якой лічбы вельмі часта становяцца нечым больш істотным за рэальны стан рэчаў. Так, паводле апошніх заяваў кіраўніцтва БРСМ, у іх камсамол запісаліся 500 тысячаў маладых беларусаў. Хто-небудзь можа іх нам паказаць?



Камэнтары праз FACEBOOK



 
In 0.0471 seconds.