Юлія Шарова выдала сваю дэбютную кнігу: раман напісаны за 10 год

Юлія Шарова прэзентавала ў Менску сваю дэбютную кнігу «Don Giovanni, або Памілаваны свавольнік», якую пісала 10 гадоў. Раман на ажно 600 старонак (што вялікая рэдкасць для сучаснай беларускай літаратуры, тым больш для маладых пісьменнікаў) распавядае пра вобраз вядомага курвеля Дон Жуана, які стаўся героям шматлікіх музычных і літаратурных твораў па ўсім свеце.

«У 18 гадоў я захапілася операй, а гэта перш за ўсё Моцарт і ягоная опера "Дон Жуан". Не магу сказаць, што ўсе 10 гадоў я мэтанакіравана сядзела і пісала, я пісала перыядамі», — кажа аўтарка.  

Кніга распавядае пра гісторыю, якая адбылася ў оперным тэатры расійскага гораду N. Каб стварыць оперную атмасферу кнігі, Юлія, якая да таго ж скончыла музычную вучэльню, на прэзентацыі шмат спявала, чым моцна ўразіла прысутных. 

Першыя ўрыўкі з кнігі Юлія Шарова публікавала ў інтэрнэце пад мужчынскім псеўданімам. Але журналіст Севярын Квяткоўскі рассакрэціў маладую аўтарку, пасля чаго пачалося буйнае абмеркаванне ейнай творчасці.

Маладая пісьменніца ў свой час змяніла працу журналісткі на тое, каб варажыць незнаёмым людзям па тэлефоне. Таму наступны магічна-рэалістычны раман Юліі будзе пра карты Таро.

Спампаваць кнігу можна з сайту Еўрарадыё

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.061 seconds.