Віталь Гуркоў. Адзін з наймацнейшых тайбаксёраў планеты, піяршчык роднай мовы

Заслужаны майстар спорту, шматразовы чэмпіён свету пасля чарговай перамогі ўразіў гледачоў БТ сваёй беларускамоўнасцю. Гуркоў трапіў у тайскі бокс з лялечнага тэатру. Але атрымлівае сенсацыйныя перамогі над суперзоркамі. Гісторыя аднаго з наймацнейшых тайбаксёраў планеты.


Фота Аляксандра Абуховіча

Віталь нарадзіўся ў Сцяпянцы, рос у простым атачэнні рабочых, быў добрым школьнікам і займаўся ў гуртку лялечнага тэатра. Ляпіў з пластыліну забаўкі, вывальваў іх у муцэ і фарбаваў. У дванацацігадовым узросце пачаў займацца спортам, пайшоў на баскетбол у школьную секцыю. На адной з першых трэніровак трапіў у бойку.

―Трэнер сказаў: «Хочаце біцца ― ідзіце на бокс». Я і пайшоў, ― узгадвае Гуркоў.

У канцы 90-х па «Восьмым канале» кабельнага тэлебачання паказвалі праграмы пра тайбаксёраў. На той час галоўнай байцоўскай зоркай Беларусі быў Дзмітрый Пясецкі, да якога Віталь воляй лёсу прыйшоў займацца ў клуб «Чынукю.

―У групе пачаткоўцаў я не быў наймацнейшым. Але амаль усе пасыходзілі, а я застаўся. Памятаю першыя спаборніцтвы: дайшоў да фіналу, але мне адбілі нагу. Хадзіць было балюча, нага соўгалася. Але вырашылі выступіць. Трэнер узяў мяне, як шчанюка, і паставіў у рынг…

У тым двубоі Віталь перамог. І вельмі хутка пачаў расці.

― У 16-гадовым узросце я выступіў на чэмпіянаце Беларусі па тайскім боксе «па мужыках», ― апавядае Віталь. ― Памятаю, як сядзеў у распранальні, супернікі падаваліся мне забойцамі. Аднак у гэтым чэмпіянаце я ўзяў першае месца і прабіўся на першынство планеты ў Тайланд. Падчас першых баёў трыбуны на стадыёне ў Бангкоку не былі запоўненыя, і туды прывялі тайскіх школьнікаў. Пры росце у больш як 180 см я меў вагу каля 60 кг і выглядаў, як сухастой. Падчас майго выхаду на рынг гэтыя школьнікі пасмейваліся і паказвалі на мяне пальцамі. У першым раўндзе мне ўдалося выкінуць суперніка, славака, за канаты. І трыбуны сцішыліся… У гэтым двубоі я перамог. Па выніках усяго чэмпіянату нечакана ўзяў золата.

Паступова Віталь падымаўся ў вагавай катэгорыі і стабільна перамагаў на ўсіх камандных чэмпіянатах планеты. Золата ён браў у вазе 60 кг, 63,5 кг, 67 кг, 71 кг.

З-за вялікага траўматызму тайскі бокс не ўключаюць ў алімпійскую праграму, як, напрыклад, менш папулярнае таэквандо. Аднак канкурэнцыя павялічвалася. Здаралася, чэмпіёны свету сярод прафесіяналаў выступалі за сваю нацыянальную каманду па аматарскіх правілах (дазваляюцца абарончы шлем, налакотнікі і шчыткі на голені) і прайгравалі. Гуркоў стаў адным з самых выбітных байцоў за ўсю гісторыю правядзення аматарскіх чэмпіянатаў свету. Браў золата восем разоў.


Толькі ў 2012 годзе ў фінале чэмпіянату планеты (праходзіў у Санкт-Пецярбургу) Гуркоў саступіў дагестанцу Зайналбіду Магамедаву. Хоць, на думку многіх спецыялістаў, беларус стаў ахвярай неаб’ектыўных суддзяў, якія ў Расіі аддалі залаты медаль мясцоваму байцу.

На жаль, апошнім часам беларусы не ўпершыню сутыкаюцца з несправядлівым судзействам, асабліва калі спаборніцтвы праходзяць на радзіме іх апанентаў. Аднак нічога не паробіш, трэба ўзнаўляцца і біцца далей.

Дарэчы, ад таго срэбранага медаля Гуркоў адмовіўся. Такім чынам выразіўшы пратэст супраць неаб’ектыўнага судзейства.

На той момант беларус ужо з’яўляўся постаццю ў беларускім спорце, Заслужаным майстрам спорту.

***

Каронкай Віталя Гуркова лічыцца клінч ― элемент барацьбы у тайскім боксе (дазваляецца дужацца з супернікам, скручваць яго, біць каленямі). Але з 2009 года Віталь пачаў удзелнічаць у прафесійных паядынках па нязручных для сябе правілах ― кікбоксінгу і K-1. Клінч тут забаронены, спартсмены выступаюць без абарончай амуніцыі.

Двубоі даваліся з цяжкасцю. Былі і паразы. Напрыклад, Віталь не змог адолець легендарнага байца з Італіі Джорджыа Петрасяна, хоць і насадзіў таму два фінгалы.

У сакавіку 2010-га Гуркоў стаў чэмпіёнам Еўропы па К-1.

Пасля фінальнага двубоя тэлеканал БТ браў у яго інтэрв’ю. Упершыню ў спартыўнай гісторыі незалежнай Беларусі спартсмен загаварыў па-беларуску на публіцы.

І пасля Віталь не прамінаў магчымасці, каб папіярыць родную мову ці зрабіць яшчэ нешта карыснае.

―Я не адчуваю сябе спартсменам на 100%. Хутчэй я мусіў стаць паэтам, музыкам ці мастаком. Займацца тайскім боксам я некалі пачаў, каб пазбавіцца ад нейкіх комплексаў, жахаў. Хацелася б, каб я дапамог іншым людзям зрабіцца больш рашучымі.

***

На чэмпіянаце свету IFMA 2012-га года Віталь стварыў чарговую сенсацыю: перамог прафесійную суперзорку з Тайланда Кема Сітсонгпінонга.

Чаму сенсацыю? Кем з’яўляецца чэмпіёнам галоўных тайскіх стадыёнаў («Люмпіні» і «Раджадамнэню») і пераможцам папулярнага ў Азіі праекту Tigh Fight. Займаецца сваім відам спорту з пялюшак і правёў сотні прафесійных двубояў з іншымі тайскімі профі.

А вось Гуркову «жалезны таец» нічога не змог супрацьпаставіць.

Цэнтральныя газеты Тайланда пасля гэтага двубоя вышлі ў друк з фотаздымкам Віталя Гуркова. У той жа дзень нашага байца запрасілі на турнір Tigh Fight.

Перад гэтым турнірам у арганізатараў было адно важкае патрабаванне ― выйсці ў рынг пад расійскім сцягам. Такім чынам, беларусаў ужо не раз падстаўлялі.

― Такімі прынцыпамі паступацца нельга. Мы катэгарычна адмовіліся. Прыйшоў час заняцца раскруткай Беларусі ў Азіі…

Спартовы бок беларускага пакалення Y Generation.by адчыняе разам з парталам «Будзьма Беларусамі!» у межах інфармацыйнай падтрымкі праекту «Байцоўскі ген». Праект рыхтуе яшчэ нямала сустрэчаў з выбітнымі беларускімі спартсменамі, якія нягледзячы на шматлікія перашкоды паказваюць на радзіме і ў свеце выдатныя вынікі і наяўнасць сапраўднага байцоўскага гену беларусаў.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0921 seconds.