Калі студэнты не будуць мець праблем з інтэрнатамі?

Студэнтам у Менску катастрафічна не хапае жытла — гэты факт прызнаюць на самым высокім узроўні. Шырока распіяраны праект «студэнцкай вёскі» на поўдні Менска дасць прытулак толькі 8.7 тысячам студэнтам. А месца, з улікам астранамічных планаў Міністэрства адукацыі па прыцягненні замежнікаў і іх грошай у беларускія універсітэты, трэба знайсці для 50 тысячаў. Зрэшты, ва ўрадзе сцвярджаюць, што ўжо ў 2015 годзе студэнты не будуць мець праблем з жыццём у студэнцкіх інтэрнатах.

Сёння прадстаўнік беларускага ўраду заявіў, што «ў 2015 ў Беларусі будзе ліквідаваны годзе дэфіцыт месцаў у студэнцкіх інтэрнатах».

Як перадае БелТА, адбудзецца тое дзякуючы завяршэнню будаўніцтву інтэрнатаў у студэнцкай вёсцы (у 2012 годзе адкрыюцца два інтэрнаты БДУІР і МДЛУ на 2 тыс. чалавек, а праз год яшчэ 3 інтэрнаты). Агулам да 2016 году плануецца пабудаваць 21 інтэрнат на 11.2 тыс. месцаў.

Аднак чыноўнікі яшчэ нядаўна заяўлялі, што па ўсёй краіне не хапае месцаў у інтэрнатах 23 тысячам студэнтам. Гэта па самых сціплых падліках. Мэр сталіцы Мікалай Ладуцька лічыць, што толькі ў Менску трэба 50 тысячаў месцаў для студэнтаў.

І нават, калі ўніверсітэты да 2016 году паспеюць дабудаваць тыя 20 інтэрнатаў, гэта яшчэ не значыць, што ў іх змогуць засяліцца 11 тысячаў беларускіх студэнтаў. І цяпер некаторыя паверхі ў інтэрнатах адведзеныя замежным студэнтам. А плануецца, што з іншых краін, найперш азіяцкіх, да нас неўзабаве прыедуць вучыцца да 30 тысячаў новых навучэнцаў. Такім чынам, месца можа не хапіць нават ім — а ВНУ, нагадаем, пры засяленні надаюць прыярытэт менавіта замежнікам.

Прычым многія пакоі яшчэ да іх з’яўлення ўжо зарэзерваваныя за кітайскімі студэнтамі. Роўна палову аднаго з інтэрнатаў студэнцкай вёсцы плануецца перадаць жыхарам з Паднябеснай, бо менавіта тамтэйшыя будаўнікі будуць узводзіць будынак.

Выратаваннем у адпаведнасці з апошняй беларускай будаўнічай модай можа стаць «ушчыльненне». Ушчыльняюць цэнтр Менска, ушчыльняюць і студэнцкія пакоі. Гэтак у БНТУ прынялі рашэнне засяляць ў пакоі плошчай 10 кв. м трох студэнтаў. Дадатковыя 200 месцаў кіраўніцтва ВНУ уладкавала ў інтэрнаце БДУ ў студэнцкай вёсцы, чым парушыла пастанову Савету міністраў. Зрэшты, чыноўнікаў гэты факт не цікавіць.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0629 seconds.