Маскевіч інтэгруе беларускую адукацыю з расейскай

Пасьля абвяшчэньня рашэньня эўрапейскіх краін адмовіць Беларусі ў далучэньні да Балоньскага працэсу, Мінадукацыі заявіла аб жаданьні пашырыць супольныя адукацыйныя праграмы з Расеяй. Расея і Беларусь падпісалі адмысловае пагадненьне аб прызнаньні дыплёмаў усіх узроўняў, распачалі распрацоўку праграмы сумесных дзеяньняў дзеля фармаваньня адзінай адукацыйнай прасторы. Тым часам для расейцаў спрасьцілі працэдуры паступленьня ў беларускія ВНУ, а для беларускіх студэнтаў падрыхтуюць праграмы абмену з Казахстанам і Кыргыстанам.


Беларускую адукацыю замест Эўропы інтэгруюць у Азію

Міністэрствы адукацыі Беларусі і Расеі плянуюць распрацаваць сумесную праграму дзеяньняў па фарміраваньні адзінай адукацыйнай прасторы саюзнай дзяржавы. Аб гэтым «Народнай газеце» заявіў міністар адукацыі Беларусі Сяргей Маскевіч.

Паводле ягоных слоў, праграму да канца году распрацуюць, каб «значна павысіць мабільнасьць студэнтаў у саюзнай дзяржаве». У яе плянуецца ўключыць шэраг адукацыйных праектаў, праграмы падтрымкі моладзевага прадпрымальніцтва, сумесных дасьледчых праграм.

Раней Беларусь прапанавала Расеі, Казахстану, Кыргыстану і Таджыкістану стварыць супольныя праграмы студэнцкага абмену. Ідэя аб стварэньні азіяцкага Erasmus’у зьявілася пасьля таго, як стала зразумела, што ў бліжэйшыя тры гады пляны Мінадукацыі па далучэньні Беларусі да Балоньскага працэсу ня зьдзейсьняцца.

Акрамя гэтага на мінулым тыдні Беларусь і Расея падпісалі новае пагадненьне аб прызнаньні дыплёмаў усіх узроўняў: ад прафэсійна-тэхнічных да доктарскіх. Цяпер у Беларусі ў шэрагу іншых будуць прызнавацца расейскія дыплёмы аб адукацыя бакаляўра (4 гады), а ў Расеі — беларускія дыплёмы аб адукацыі спэцыяліста (4 і 4.5 гадоў). Уладальнікі гэтых дыплёмаў могуць без праблем уладкоўвацца ў двух краінах. Акрамя гэтага, выпускнікі філіялаў расейскіх ВНУ ў Беларусі атрымалі гэтыя ж самыя правы, што і выпускнікі цалкам беларускіх ВНУ.

Таксама Мінадукацыі Беларусі цягам сёлетняй уступнай кампаніі спрасьціла для грамадзян Расеі, а таксама Казахстану, Кыргыстану і Таджыкістану працэдуры паступленьня ва ўласныя ВНУ. Цяпер для іх існуе цэлых тры спосабы паступленьня: паводле вынікаў ЦТ на платныя ці бюджэтныя аддзяленьні (гэтак сама, як і для грамадзян Беларусі) альбо па выніках сумоўя. Дакумэнты ў апошнім выпадку прымаюцца да 15 кастрычніка. Навучаньне платнае: напрыклад, на дзённай форме ад $2.7 тыс. да $4 тыс. за навучальны год у залежнасьці ад абранай спэцыяльнасьці.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0824 seconds.