БДУ навучыць правам чалавека і дэмакратызацыі

Беларусь, Армэнія, Украіна і Малдова на грошы Эўрапейскага зьвязу адчыняюць сумесную бясплатную праграму падрыхтоўкі магістраў «правоў чалавека і дэмакратызацыі». Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт, рэктар якога ня можа трапіць у ЭЗ з-за палітычных адлічэньняў студэнтаў і парушэньня акадэмічных свабодаў, будзе адказны за «палітычны модуль».

БДУ нечакана стаў часткаю расейска- і ангельскамоўнай міжнароднай магістэрскай праграмы ў правах чалавека і дэмакратызацыі. Разам зь беларускім унівэрсытэтам да падрыхтоўкі знаўцаў правоў чалавека далучацца Ерэванскі дзяржаўны ўнівэрсытэт, Унівэрсытэт палітычных і эканамічных эўрапейскіх дасьледаваньняў у Малдове і Кіеўскі нацыянальны ўнівэрсытэт.

Навучаньне будзе цягнуцца 2 гады, за якія студэнты азнаёмяцца з трыма кампанэнтамі навучаньня: прававым (адказны КНУ), міждысцыплінарным (адказны — ЕДУ) і палітычным (за яго адказны БДУ). Некаторыя студэнты праграмы змогуць разьлічваць на пакрыцьцё дарожных выдаткаў і стыпэндыю ў памеры 250 эўра.

Першыя два сэмэстры студэнты будуць абавязаныя правесьці ў Ерэване, а пасьля выбраць спэцыялізацыю ў адным з трох гарадоў: Менску, Кіеве альбо Кішынёве. У выніку выпускнікі атрымаюць дыплём магістра эўрапейскіх дасьледаваньняў са спэцыялізацыяй у правах чалавека і дэмакратызацыі Ерэванскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, а таксама сэртыфікаты партнэрскіх унівэрсытэтаў.

Для паступленьня абітурыентам акрамя CV, матывацыйнага ліста, эсэ, 2 лістоў падтрымкі, унівэрсытэцкага дыплёму дастаткова прадэманстраваць веды ў ангельскай, эквівалентныя 65–80 балям па вэрсіі тэсту IBT. Дакумэнты на праграму прымаюцца з 1 траўня па 30 чэрвеня.

Акрамя ўдзелу ў падрыхтоўцы спэцыялістаў у двухмоўнай магістратуры БДУ у новым навучальным годзе плянуе адкрыць англамоўную магістратуру па некалькіх тэхнічных спэцыяльнасьцях. Плянуецца набор на мэханіка-матэматычным факультэце — спэцыяльнасьці «матэматыка» і «мэханіка», а таксама на факультэце прыкладной матэматыкі і інфарматыкі — на спэцыяльнасьць «прыкладная матэматыка і інфарматыка». Акрамя БДУ ангельскамоўная магістратура ўпершыню зьявіцца сёлета ў Беларускім дзяржаўным эканамічным унівэрсытэце.

Удзел Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту ў праграме па падрыхтоўцы спэцыялістаў у правах чалавека на эўрапейскія грошы выглядае дзіўна найперш з-за існаваньня ў гэтым і іншых беларускіх унівэрсытэтах праблемы адлічэньня студэнтаў па палітычных матывах, абмежаваньня акадэмічных правоў студэнтаў і выкладчыкаў. Рэктар БДУ унесены ў сьпіс асобаў, супраць якіх дзейнічаюць санкцыі ЭЗ.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0698 seconds.