Фольк першага эшалёну ў Менску

Калі ў 1999 годзе Іван Кірчук адправіўся ў Будапэшт на фэстываль Sziget, яму заставалася толькі марыць аб тым, каб тыя гурты, што тады выступалі на сусьветных фольк-сцэнах, калі-небудзь зьявіліся з канцэртамі ў Менску:

«Празь дзесяць год нашы мары спраўдзіліся: цяпер і ў нашу краіну прыяжджаюць гурты, што граюць фольк», — кажа Іван Кірчук. Ён сядзіць у цэнтры сцэны канцэртнай залі «Мінск» у атачэньні двух сваіх нязьменных кампаньёнаў: Юрыя Дзьмітрыева і Юрыя Паўлоўскага. «Троіца» сёньня — князі на першую гадзіну канцэрту, завершыць які мусіць гурт Kapela ze wsi Warszawa.

Польскі world-music гурт Kapela ze wsi Warszawa пачынаюць выступ зь вітаньня на беларускай. І прапануюць пераклад свайго польскага назову: «Капэла зь вёскі Варшава». Капэла — гэта ўся тая ж «Троіца», толькі памножаная на два: да трох хлопцаў у гурце дадаюцца тры дзяўчыны, што стаяць на першым пляне. Хлопцы на сцэне акупуюць другі эшалён, ад чаго адчуваньне панаваньня жаночага вакалу ў гурце ўзмацняецца шматкроць.

Яшчэ да таго, як Kapela ze wsi Warszawa былі намінаваныя на Grammy, The New York Times зьдзіўляўся, як гэта так: польскія музыкі, граюць фольк ды і дрэды носяць! Цяпер дрэдаў на музыках заўважана не было, але вельмі далёкі ад традыцыйнага (ці кірчукоўскага) стыль вопраткі палякаў спачатку трохі зьбівае з настрою магіі архаічных сьпеваў, што папярэднюю гадзіну так упарта стварала «Троіца».

Супярэчлівы зьнешні выгляд адлюстроўвае супрацьстаяньне той самай архаікі і «песень зь вёскі, якія ўжо ніхто не выконвае» ды сучасных стыляў, зь якімі Kapelu ze wsi Warszawa так і цягне спалучыць чарговую кампазыцыю. Атрымліваецца энэргічна, асабліва калі музыкі робяць з фольку нешта падобнае да RNB, часам вельмі інтэлектуальна, а часам так пранікнёна, што ў праўдзівасьць фальклёрнага сьпеву на польскай ня верыць проста не магчыма.

Канцэрт Kapela ze wsi Warszawa — працяг спробаў Польскага інстытуту ў Менску паказаць беларусам самае лепшае з польскай сцэны. Папярэдні гучны канцэрт з гэтай сэрыі адбыўся ў сталіцы Беларусі яшчэ напрыканцы мінулага году. Тады да легендарных Kriwi далучыліся ня менш легендарныя на ўласнай радзіме Zakopower. Беларусы падзею ня тое каб праігнаравалі, але пэўны недахоп глядацкай увагі адчуваўся. Гэтым разам усё выйшла інакш: «Троіца» + троху незразумелы фольк з-за Бугу апынулася добрай формулай, аб чым сьведчыла немалая колькасьць гледачоў у залі. Канешне, гэта яшчэ не аншляг зорак расейскага шансону, але набліжэньне мары Кірчука каштуе таго.

Калі прааналізаваць мінілекцыі лідэра «Троіцы» паміж песьнямі, то прыходзіць адчуваньне, што лідэр гурта выходзіць на сцэну ня столькі дзеля шоў і выкананьня ўнікальных кампазыцый, створаных ім на аснове тых сьпеваў, што ён шмат гадоў зьбіраў у беларускіх вёсак, а найперш дзеля працягу пэўнай місіі. Ён ня страчвае надзею на тое, што беларусы застануцца зьвязанымі са сваімі продкамі, як бы патасна гэта не гучала. Хаця ў Кірчука ўсё атрымліваецца натуральна: і расповеды пра ўжо кінутыя вёскі ў Чарнобыльскай зоне, і зьніклыя стылі сьпеваў Палесься, і зварот да рэлігійнай тэмы. Сталыя слухачы «Троіцы» шмат новага не пачуюць, затое тыя, хто ня часта сутыкаецца зь беларускай культурай, могуць адкрыць цэлы сьвет, пазбаўлены налёту савецка-школьнага пераасэнсаваньня народнай традыцыі.

Troitsa

І «Троіца» ўвесь час ідзе далей: падаецца, што колькасьць інструмэнтаў музыкаў на сцэне расьце з кожным выступам. Гэтым разам на сцэне зьяўляецца нешта нерэальнае: некалькі вялізных жбаноў. «На іх яшчэ „Песьняры“ гралі», — кажа Іван Кірчук і заводзіць шаманскую «Цар-агонь». Заля яшчэ доўга не сьціхае ў плясканьні, а пасьля выклікае «Троіцу» на біс, троху «адбіраючы» часу ў польскіх музыкаў «зь вёскі Варшава». Бо кожны разумее: польская Капэла крутая, але «Троіца» свая.

Фотаздымкі: «Троіца» і «Kapela ze wsi Warszawa»

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1498 seconds.