У апошнія выходныя вясны ў Горадні пройдзе фэст моладзевай журналістыкі

У апошнія выходныя вясны 25-27 траўня ў Горадні пройдзе трэці фэстываль моладзевай журналістыкі «Твой стыль». На працягу трох дзён маладыя журналісты, студэнты, запрошаныя экспэрты і журналісты вядомых мэдыяў будуць абмяркоўваць пэрспэктывы прафэсіі ды прэзэнтоўваць сваю працу. Таксама на фэсьце пройдзе ўзнагароджаньне аўтараў лепшых матэрыялаў па выніках конкурсу сярод маладых журналістаў, да ўдзелу ў якім працы прымаюцца па 7 траўня.

Да ўдзелу ў конкусе моладзевай журналістыкі запрашаюцца аўтары са стажам працы ня больш за 3 гады альбо журналісты-пачаткоўцы. Прымаюцца працы, падрыхтаваныя ў 2011-2012 гадах, як апублікаваныя ўжо ў СМІ так і не апублікаваныя пакуль.

Асноўныя намінацыі

  • Маё пакаленьне
    Лепшы артыкул альбо рэпартаж, прысьвечаны праблемам, посьпехам, пэрспэктывам людзей вашага пакаленьня;
  • Твой стыль
    Лепшае інтэрвію, якое раскрывае ўнутраны сьвет суразмоўцы, яго бачаньне мінулага, сучаснага і будучыні;
  • Сьвет вачыма
    Лепшы фотаздымак, прысьвечаны штодзённаму жыцьцю людзей у канкрэтнай мясцовасьці.

Таксама ёсьць дадатковыя намінацыі, заснаваныя партнэрамі фэсту: нестандартная Беларусь, беларускае мысьленьне і адукацыя, лепшы матэрыял на тэму моладзевага лідэрства, старыя-новыя сымбалі Беларусі, лупшае журналісцкае расьсьледваньне ў галіне аховы навакольнага асяродзьдзя ды іншыя. Падрабязьней пра ўсе намінацыі і ўмовы ўдзелу → на сайце фэстывалю.

У якасьці галоўных прызоў пераможцам конкурсу будуць стажыроўкі ў рэдакцыях замежных СМІ, а таксама іншыя прэстыжныя ўзнагароды.

Каманда Generation.by, якая традыцыйна выступіла партнэрам фэсту, сёлета адзначыць лепшую, на думку рэдакцыі, працу, дасланую ў любую з намінацыяў, адмысловым спэцпрызом. Найпершую ўвагу мы зьвернем на матэрыялы, што адлюстроўваюць магчымасьць пасьпяховай самарэалізацыі ў Беларусі: тэкст, фота, відэа, ілюстрацыі ды матэрыялы ў іншых мэдыйных формах пра ўнікальныя праекты, падзеі, цікавыя ініцыятывы, перамогі, экспэрымэнты і дасягненьні асобных людзей ці цэлых камандаў.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0603 seconds.