Botanic Project прэзэнтаваў «Рэанімацыю» (+спампаваць)

22 красавіка ў менскім клубе «Мулен Руж» адбылася прэзэнтацыя новага альбома беларускага рэгі бэнда Botanic Project. Ужо трэцяя па ліку студыйная праца калектыву атрымала назву «Рэанімацыя» і ўключыла ў сябе 16 песень.

Клім (вакал): «Калі параўноўваць рэанімацыю з нашымі мінулымі альбомамі, то наўрадці атрымаецца знайсьці шмат агульнага. Мы выдатна папрацавалі і далёка прасунуліся як у пляне гучаньня, так і ў лірыцы. У новых песнях няма ранейшых акцэнтаў на тэрміналёгіі індуізму, а ўсе больш і больш філязофіі пра дзень сёньняшні. Песьні больш падобныя на гісторыі пра нас і пра людзей вакол, развагі аб рэаліях грамадзтва і становішчы некаторых рэчаў у нашай краіне. Адзінае, што мы захавалі — гэта духоўны складнік лірыкі».

Праца над запісам альбома «Рэанімацыя» вялася адначасова на некалькіх студыях Менску і расьцягнулася на 7 месяцаў. Варта асабліва адзначыць, што над пласьцінкай працавала рэкордная колькасьць музыкаў — 17 чалавек, што вельмі рэдка ня толькі для Беларусі, але і для рэгі музыкі ў цэлым.

Кешман (вакал): «Запісаць альбом з біг бэндам было нашай даўняй задумкай. Ужо на другой кружэлцы мы з Клімам стараліся зрабіць шчыльнае і шматграннае гучаньне, стварыць нейкае падабенства сымфанізму, а зрабіць гэта траім музыкам, пагадзіцеся, складана. Але з часам наш некалі невялікі калектыў разьвіўся ледзь не ў аркестр. І вось мы тут, з новым песьнямі, новым багатым саўндам. Усё проста выдатна!»

Альбом можна бясплатна спампаваць на сайце гурта botanicproject.ru. Акрамя гэтага, музыкі не адмовіліся ад рэлізу кружэлкі на фізычным носьбіце і сваімі сіламі выпусьцілі CD-вэрсію альбома. Набыць дыскі можна на канцэртах гурта або па сродках зваротнай сувязі на афіцыйным сайце.

 → Спампаваць альбом «Рэанімацыя»

15:00, 26/04/2012 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0569 seconds.