Студэнты расчароўваюцца і сыходзяць з унівэрсытэтатаў

У Гарадзенскім дзяржаўным унівэрсытэце адзначаюць моцнае падзеньне колькасьці студэнтаў, што былі адлічаныя з унівэрсытэту: у параўнаньні зь мінулым годам адсотак «вылецеўшых» скараціўся ў 7 разоў. Пры гэтым расчараваньне ў будучай прафэсіі застаецца другой па папулярнасьці прычынай сыходу студэнтаў з унівэрсытэтаў у Гарадзенскай вобласьці.

Паводле зьвестак «Гродненскай праўды», з унівэрсытэтаў Гарадзеншчыны за мінулы сэмэстар адлічылі болей за 250 студэнтаў. Часьцей за ўсё сыходзяць з тэхнічных факультэтаў. Галоўная прычына адлічэньняў — праблемы ў навучаньні ці расчараваньне ў спэцыяльнасьці.

«На тэхнічныя спэцыяльнасьці лягчэй паступіць, але навучаньне могуць пацягнуць ня ўсе, — распавядае кіраўнік навучальна-мэтадычнага ўпраўленьня ГрДУ імя Янкі Купалы дацэнт Юры Раманоўскі. — Лягічна, што па адсотку адлічаных лідзіруюць інжынэрна-будаўнічы, фізыка-тэхнічны факультэты, факультэт матэматыкі і інфарматыкі».

Агулам ў ГрДУ у сэмэстры ня выстаялі 122 студэнты. Найменшыя страты ў філялягічнага, пэдагагічнага і юрыдычнага факультэтаў.

«З-за непасьпяховасьці 75 студэнтаў не перайшлі ў наступны сэмэстар. Але гэтая лічба, упэўнены, будзе зьмяншацца, — лічыць дацэнт. — Зь верасьня ва ўнівэрсытэце дзейнічае назапашвальна-рэйтынгавая сыстэма. Адзнака па дысцыпліне залежыць ня толькі ад адказу на іспыце, але і ад пасьпяховасьці студэнта на працягу сэмэстра».

У выніку колькасьць адлічаных моцна зьнізілася. У адсотках — у сем разоў у параўнаньні зь мінулым годам.

трэнды

Сёлетнія тэмпы адлічэньняў з ВНУ хутчэйшыя за мінулагоднія: за поўны 2010–2011 навучальны год з унівэрсытэтаў сышлі 15 тысячаў студэнтаў, а за палову гэтага году — 10 тысячаў. Адукацыйныя чыноўнікі наракаюць на непасьпяховасьць студэнтаў, хаця ў некаторых унівэрсытэтах траціна студэнтаў сыходзіць па сваім жаданьні.

А вось 31 студэнт сышоў з ГрДУ па ўласным жаданьні. Гэта, збольшага, першакурсьнікі. Правучыўшыся першы сэмэстар, студэнты разумеюць, што ня тую спэцыяльнасьць абралі. Тыя, хто ня здаў першую сэсію, аднавіцца ва ўнівэрсытэце ўжо ня могуць.

З гарадзенскага Мэдунівэрсытэту адлічылі больш за 60 студэнтаў, у асноўным з 2-га курсу. Найбольшыя страты займеў лячэбны факультэт, на мэдыка-дыягнастычным адлічаныя толькі 3 студэнты.

Гарадзенскі дзяржаўны аграрны ўнівэрсытэт пасьля першага сэмэстру згубіў 3% студэнтаў — 92 чалавекі. Траціна зь іх — першакурсьнікі. Прычыны сыходу з гэтага ВНУ тыя ж: расчараваўся ў выбары, не пацягнуў навучаньне альбо проста ва ўнівэрсытэце зьяўляўся рэдка.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1267 seconds.