Рэвалюцыі ў сацыяльных сетках: Новы год яшчэ ня скончаны

Беларускі новы 2011 год пачаўся ў дзень, калі ніхто аб гэтым нават і не здагадваўся. 1 чэрвеня групы маладых людзей па ўсёй краіне выйшлі на галоўныя Плошчы сваіх гарадоў, патрабуючы зьменаў. Замаруджаная і замарожаная пасьля жаху 19 сьнежня, краіна ўварвалася ўсьлед за многімі іншымі, пераважна арабскімі аўтарытарнымі дзяржавамі, у новую эпоху «рэвалюцый у сацыяльных мэдыя».


Так пачыналася беларуская «Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку»ў Мазыры

Менавіта такі назоў мела амбітная суполка, якая заклікала маладых людзей пасьля месяцаў онлайн пратэстаў супраць неверагодна ўзрослых коштаў, валютнай блытаніны і агульнага абсурду грамадзкага жыцьця, што апанаваў краіну яшчэ задоўга да беларуская вясны 2011 году, выйсьці на галоўныя плошчы сваіх гарадоў.

Многія былі натхнёныя неверагодным посьпехамі вясны Арабскай — зьяваю, якая заснавала новы стандарт хуткіх палітычных пераменаў, ініцыятыва якіх сыходзіла ад звычайных людзей. Здавалася, што цяпер ніводнае сур'ёзнае калектыўнае пратэстнае дзеяньне не магчымае без працы дзесяткаў актывістаў у сацыяльных сетках, якія злучалі б сотні і тысячы незадаволеных у супольныя сеткі з дапамогай хэш-тэгаў у Твітэры, лайкаў у Фэйсбуку і суполак Vkontakte.

Арабская вясна


Лепшы здымак 2011 г. паводле World Press Photo. Жанчына з Емэну трымае ў руках параненага сваяка. Ён пацярпеў у выніку антыўрадавых акцый пратэсту.

Арабскі Новы год пачаўся напрыканцы 2010-га, калі малады туніскі хлопец спаліў сябе ў знак пратэсту супраць адсутнасьці магчымасьці знайсьці адпаведную яго адукацыі працу. У папярэднія эпохі аб яго ўчынку наўрад ці даведалася б шмат людзей. Але ў сьнежні 2010 году сьвет ужо быў іншым. І моладзь Тунісу аказалася гатовай.

Многія людзі ўзьняліся на абарону справядлівасьці ў сваёй краіне. Ці спрыяла гэтаму актыўнасьць выкрывацеляў праўды з Wikileaks, альбо хакераў з групы Ананімы, што тэрарызавалі дзяржаўныя туніскія сэрвэры і распаўсюджвалі інфармацыю па ўсім сьвеце. Але так ці інакш, дыктатар Бэн Алі не пратрымаўся ў сваім крэсьле і месяцу: яго 20-гадовае кіраваньне скончылася даволі ганебнымі ўцёкамі на прэзыдэнцкім лайнэры. Як высьветлілася пасьля, тое яшчэ быў нядрэнны варыянт.

У гэты момант пратэсты ўжо пачалі распаўсюджвацца на Алжыр, Лібію, а ў сярэдзіне студзеня ва ўсю палыхаў Егіпет. Той самы Егіпет, дзе за ўсю яго сучасную гісторыю ва ўладзе пабывалі толькі два прэзыдэнты. Пратэстоўцаў зьбівалі палкамі і душылі газам. А іх адказам сталі здымкі на мабільны тэлефон, разьмешчаныя ў Фэйсбуку і YouTube, цьвіты з гушчы падзей і, як вынік, чарговая хваля падтрымкі па ўсім сьвеце. Зброяй моладзі стаў Інтэрнэт і сацыяльныя сеткі.

Адказ уладаў быў просты — пастаяннае блякаваньне Інтэрнэту. Але ад таго стала толькі горш: тая частка моладзі, што сядзела па дамах «ва ўтульных кантакціках», далучылася да разьюшанай вуліцы. На арэну гульні выйшаў нават Google, які прапанаваў сродак для супрацьстаяньня блякадзе Інтэрнэту. Пазьней высьветлілася, што адзін зь яго блізкаўсходніх мэнэджэраў аказаўся адным зь лідэраў першай хвалі онлайнавых пратэстаў.

Прэзыдэнт Мубарак трымаўся ні на шмат болей за свайго туніскага калегу. Але яго палітычны канец аказаўся куды больш сумным: цяпер, прыкаваны да ложку, у эгіпэцкім судзе ён выслухоўвае абвінавачаньні пракурора, які прапануе пакараць яго сьмерцю.

Чым далей — тым горай. Пратэсты распаўсюдзіліся на Емэн, Іярданію, Бахрэйн і Сырыю. Вясна стала па-сапраўднаму «арабскай».У гэтых краінах свабоды да пачатку пратэстаў было яшчэ меней, чым у Тунісе ці Эгіпце. А пра Фэйсбук, напрыклад, у Сырыі ўвогуле ня чулі: там ён разам зь іншымі папулярнымі заходнімі рэсурсамі быў даўна заблякаваны. Але менавіта ў Сырыі прыгажосьць пратэстаў у злучэньні з сучаснымі тэхналёгіямі выявілася найлепш: у сытуацыі, калі ў краіне няма ніводнага незалежнага журналіста, толькі кадры, зьнятыя на благія мабілкі маглі хоць нешта паказаць замежнікам. І яны адкрылі сьвету бадай, самую дзікую і крывавую з гэтых арабскіх рэвалюцый, калі сыстэма з найскладанейшых племянных супольнасьцяў, вянчаная ўпартым прэзыдэнтам-сынам прэзыдэнта, прыходзіць у вельмі нестабільнае становішча. Хаця, верагодна, і для сірыйскага кіраўніка ўсё проста так ня скончыцца.

Пратэсты ў арабскім сьвеце паказалі адну істотную рэч: сьвет увайшоў у нейкі новы час, дзе магчымасьці і рэсурсы вымяраюцца ня колькасьцю тваіх прыхільнікаў ці зброяй, якая ёсьць у іх на руках. Цяпер істотным ёсьць колькасьць мэгапіксэляў у іх камэрах і хуткасьць даступнага ім Інтэрнэту, па якім можна перадаць выявы з гэтых камэраў. Сьвет іншы, але які ён дакладна, мы можам толькі намацаць. Бо мы самі, быццам тыя сьлепакі з карціны Брэйгеля, ідзем па шляху, неспазнаным раней з правадырамі, якія ня ведаюць, куды вядуць прычэпленых да іх няшчасных.

Рэвалюцыя, якую зьелі яе ж бацькі

Падобна выглядала спроба вясны па-беларуску. Мне падаецца, беларусы дагэтуль не зразумелі, што значылі гэтыя маўклівыя акцыі пратэсту, якія акампаніравалі наймацнейшаму з пачатку 90-х эканамічнаму краху краіны.


Акцыя Стоп-бэнзін у цэнтры Менску, лета 2011

Пачалося ўсё з калектыўнага "самаспальваньня" кіроўцаў, якія на некалькі гадзін у першай сапраўды ўдалай акцыі супраць росту коштаў на паліва застылі ў пратэсьце ў самым цэнтры Менску. Людзі ня верылі сваім вачам: у гэты ж час у гэтым самым Менску трыюмфатары сьнежня 2010 году судзілі прайграўшых. Але пратэст, арганізаваны праз даволі добра зладжаныя суполкі ў сацыяльных сетках, нечакана ператварыў цэнтар змрочнай краіны ў фэстываль. Фэстываль заўжды пачынаецца там, дзе тысячы людзей разумеюць, што яны не самотныя ў сваіх думках.

Працяг быў яшчэ больш уражваючы: натоўпы людзей нечакана для саміх беларусаў зьявіліся на плошчах усіх буйнейшых гарадоў краіны. Але і тут канец быў сумным, толькі на гэты раз для іншага боку: нечакана гэтыя людзі растварыліся ў ня меншых натоўпах міліцыі, якая літаральна зьмятала іх. Беларускія ўлады быццам вынайшлі рэцэпт у супрацьстаяньні сеціўным рэвалюцыям. У чым ён складаўся? Блякаваньне сацыяльных сетак (ня ўсіх сайтаў на ўвесь час, як у Эгіпце, а кропкавае і толькі на некалькі гадзін), рашучае падаўленьне любой спробы выразіць пратэст, жорсткія прыгаворы ўдзельнікам і гвалт, гвалт, гвалт… На сьвята прэзыдэнцкай незалежнасьці 3 ліпеня нават самыя сьмелыя яго прыхільнікі не вырашаліся пляскаць у далоні, стоячы на ранішняй дэманстрацыі ў цэнтры Менску. Суполка, адкуль сыходзілі асноўныя заклікі да маўклівых пратэстаў, яшчэ спрабавала мабілізаваць маладых людзей заклікамі да дзеяньняў. Але, збольшага, безвынікова: кураж сышоў, а страх, як тое ўжо ня раз здаралася ў беларускай гісторыі, застаўся.

Але справа была ня толькі ў нейкім чароўным рэцэпце беларускіх уладаў, якім яна не пасьпела падзяліцца са сваімі арабскімі калегамі. У пэўны момант ананімная група сеткавых актывістаў, у адрозьненьне ад сваіх жа арабскіх калегаў, нечакана займела ўласны твар і імёны. Адбылася пэўная пэрсаналізацыя рэвалюцыі (пра гэта казалі некаторыя палітолягі): фота заснавальнікаў суполкі разам зь іх жыцьцёвымі гісторыямі разышліся па Сеціве. У выніку маўклівыя пратэстоўцы пачалі, быццам, выходзіць на вуліцы ўжо ня проста дзеля сябе і сваіх перакананьняў, а за вось таго канкрэтнага маладога чалавека ў піджаку. Рэвалюцыю, яшчэ не народжаную, зьелі яе ж бацькі.

--

Дзіўная рэч. Ад кампутараў і Інтэрнэту чакалі ўсяго: паўстаньня супраць чалавека, гібелі газэт і жывых камунікацый. А атрымалася пакуль толькі ўдасканаленьне гэтых камунікацый разам са сьмерцю тых, каму іх свабодны варыянт надта ж моцна не падабаўся.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0608 seconds.