Альтэрнатыўны Балоньскі камітэт заўважылі ў Мінадукацыі

Рэсурс нарматыўна-мэтадычнага цэнтру вышэйшай школы БДУ апублікаваў артыкул, у якім крытыкуецца спроба грамадзкага Балоньскага камітэту падрыхтаваць альтэрнатыўны даклад аб стане рэчаў у беларускай сыстэме адукацыі. Гэта першы выпадак за час існаваньня камітэту, калі яго дзейнасьць публічна камэнтуецца структурамі Міністэрства адукацыі.

«Балоньская праблематыка ў Рэспубліцы Беларусь была абцяжараная суб’ектыўнымі заявамі, ангажаванымі заключэньнямі і проста мітамі, народжаным недахопам дакладнай інфармацыі або нежаданьнем яе успрымаць», — гаворыцца ў артыкуле, апублікаваным на партале edubelarus.info, які адмініструецца нарматыўна-мэтадычным цэнтрам вышэйшай школы пры БДУ.

У артыкуле, разьмешчаным ад імя Ігара Цітовіча, які займае пасаду прарэктара ў Рэспубліканскім інстытуце вышэйшай школы, гаворыцца аб дзейнасьці «нацыянальнай групы экспэртаў», «зацьверджанай Эўракамісіяй». Пры гэтым акрамя самога Цітовіча ў гэту групу ўваходзяць, па яго словах, нават студэнты. Зрэшты, адзіная студэнтка, якая значыцца ў сьпісах беларускіх адукацыйных экспэртаў, у гэтым годзе скончыла ўнівэрсытэт.

«Пры наяўнасьці такой каманды і прадстаўленых паўнамоцтваў, ці патрэбныя нам яшчэ альтэрнатыўныя структуры па далучэньні Рэспублікі Беларусь да Эўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі, якія статус „экспэртаў“ устанавілі для сябе самастойна?» — гаворыцца ў артыкуле.

Верагодна, артыкул накіраваны на крытыку дзейнасьці грамадзкага Балоньскага камітэту, што паўстаў у Беларусі з мэтай уплыву на працэс далучэньня краіны да Балоньскай сыстэмы. Камітэт падрыхтаваў альтэрнатыўны даклад аб стане рэчаў у нацыянальнай сыстэме адукацыі, які нараўне з афіцыйным мае быць разгледжаны ў Брусэлі камісіяй па далучэньні да Балоньскай прасторы.

Пазыцыю грамадзкага камітэту падзяляе Эўрапейскі студэнцкі зьвяз, што на мінулым тыдні выступіў з жорсткай заявай, у якой запатрабаваў адкласьці далучэньне Беларусі да Адзінай адукацыйнай прасторы.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.067 seconds.