Новую музычную «перазагрузку» адзначылі пад dj-set Алега Скрыпкі

15 сьнежня адбылася ўрачыстая прэзэнтацыя аўдыё-дыску «Будзьма! Тузін. Перазагрузка-2» з удзелам яго арганізатараў і Алега Скрыпкі. «Перазагрузка-2» — працяг пасьпяховага праекту, што быў прадстаўлены шырокай публіцы ў 2009 годзе. Спэцыяльным падарункам для гасьцей стала этна-дыскатэка з удзелам лідэра гурта «Воплі Відаплясава», які выступіў з адмысловым ды-джэйскім сэтам.

Кампанія «Будзьма беларусамі!» і музычны партал «Тузін Гітоў» прадставілі аўдыё-дыск «Будзьма! Тузін. Перазагрузка-2». Два гады таму вядомыя небеларускамоўныя выканаўцы з Беларусі перасьпявалі свае хіты на роднай мове. Да ўдзелу ў другой частцы былі запрошаныя замежныя выканаўцы розных стыляў, кожны зь якіх сам вырашыў, які са сваіх хітоў пераасэнсуе на беларускай мове.

Каардынатар культурніцкай кампаніі «Будзьма беларусамі!» Алена Макоўская адзначае:

«Мэта нашага сёлетняга праекту — павышэньне прэстыжу беларускай мовы. У Беларусь модныя тэндэнцыі прыходзяць найчасьцей звонку, таму мы зьвярнуліся да зорак Заходняй і Усходняй Эўропы, каб яны прасьпявалі свае хіты па-беларуску. „Перазагрузка-2“ сталася яшчэ і творчым экспэрымэнтам, калі творцы зь іншых краінаў адкрывалі нашу мову для сябе, а разам з тым і для сваіх слухачоў. Нам прыемна чуць на хвалях ФМ-станцый Беларусі творы з першай „Перазагрузкі“, мы ўпэўненыя, што „Перазагрузка-2“ будзе мець посьпех і па-за межамі краіны».

Удзельнікамі складанкі «Будзьма! Тузін. Перазагрузка-2» сталі «Воплі Відаплясава», Oleg Jagger, «Мумій Троль», Dreamgale, 5diez, Макс Лорэнс, Марыя Тарасевіч, Аляксандр Рыбак, «Смысловые галлюцинации», Leon Gurvitch Project, Zdob si Zdub і Алёна Сьвірыдава. Значны ўнёсак у праект зрабіў і кожны зь ня менш зорнага складу перакладчыкаў. Алесь Камоцкі, Сяргей Балахонаў, Глеб Лабадзенка, Уладзь Лянкевіч і Андрэй Хадановіч сталі надзейнымі праваднікамі музыкаў у сьвет беларускай мовы.

Сяргей Будкін, аўтар ідэі праекту, рэдактар партала Tuzin.fm: «Праект паказаў, наколькі багатая наша мова. Прычым паказана тое праз цэлае суквецьце жанраў — тут ёсьць якасны поп ды чульлівы эрэнбі, чароўны джаз і жорсткая альтэрнатыва… „Перазагрузка“ — гэта яшчэ і спроба ўвесьці ў беларускі кантэкст тых, хто там проста абавязаны прысутнічаць. Ну і, натуральна, „Перазагрузка“ — гэта глябальная акцыя ў падтрымку нашай культуры. Ад рэалізацыі такіх праектаў робіцца трошкі цяплей на душы».

14:10, 16/12/2011 | Рэпартажы |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0606 seconds.