«Воплі Відаплясава» адсьвяткуюць юбілей у Менску і выступяць з музыкантам з Баранавічаў

14 сьнежня ў рамках юбілейнага туру ў Менску выступіць знакаміты ўкраінскі рок-гурт «Воплі Відаплясава». У вялікай залі Палацу Рэспублікі калектыў прадставіць адмысловую праграму «День народження», у рамках якой публіка пачуе ўсе самыя любімыя песьні за 25 гадоў.

Гурт быў заснаваны ў 1986 годзе ў Кіеве і стаў адным з сымбаляў украінскай рок-музыкі, а шматлікія песьні — па сутнасьці народнымі. Яркае спалучэньне бліскучай мэлёдыкі і непараўнальнага тэмпэрамэнту прынесьлі «ВВ» любоў слухачоў усяго былога Саюзу і далёка за яго межамі. За плячыма 25 гадоў і тысячы канцэртаў, але яны па-ранейшаму ў форме, якой могуць пазайздросьціць шматлікія маладыя групы.

«Думаю, гэта фэномэн горца і жаданьне заўсёды быць у баі, — тлумачыць лідэр „ВВ“. — Важна быць мэтанакіраванымі і трымацца адзін за аднаго. Зразумела, што ў асаблівыя сэнтымэнты мы ўжо не пускаемся, але калі тур, сольныя канцэрты, я бачу, як у музыкаў перад выступам загараюцца вочы, зьяўляецца агеньчык. Для мяне гэта кантрольная сыгнальная лямпачка, што мы займаемся правільным справай. Наагул „ВВ“ у большай ступені канцэртная каманда. Мы разумеем, што студыя — гэта важна, што трэба фіксаваць там матэрыял, але галоўнае для калектыву — гэта канцэрты. Яны не даюць застойвацца крыві і дазваляюць атрымаць зваротную сувязь».

Музыкі падвялі вынікі конкурсу сярод беларусаў. Усе жадаючыя выйсьці на сцэну ў Менску з «ВВ» павінны былі зьняць на відэа ўласнае выкананьне любой песьні з рэпэртуару гурта. Беларусы зірнулі на творчасьць украінскіх рок-легенд пад самымі рознымі кутамі. Хтосьці спрабаваў зьдзівіць стылістыкай (ад блюзу да хард-року), хтосьці — інструмэнтамі (ад цымбалаў да тэрмэнвоксу).

Пераможцам конкурсу «Прасьпявай з ВВ» стаў дызайнэр і музыкант Дзіма Ску з Баранавічаў, які запісаў беларускамоўную рэп-вэрсію песьні «Галю, приходь». У прызёрах таксама — B_Twisted (Менск) і Юлія Глебава (Менск).

«Хачу падзякаваць усім, хто даслаў свае вэрсіі песень „ВВ“, — кажа Алег Скрыпка. — Думаю, што некаторыя з гэтых работ будуць змагацца за першыя месцы на міжнародным конкурсе „Народны трыб’ют ВВ“, вынікі якога мы будзем хутка падводзіць. У знак удзячнасьці беларускай публіцы на канцэрце мы таксама хочам выканаць на беларускай песьню „Країна Мрій“».

Зь Беларусьсю ў гурта асаблівыя стасункі. Юбілейны канцэрт у Менску таксама будзе асаблівым — «ВВ» прывязуць з сабой не толькі фірмовы гітарны драйв, але і этна-бэнд Le Grand Orchestra.

Пачатак канцэрту ў 19.00, 14.12.2011. Квіткі: 60 да 180 тыс. руб. Інфалінія: (017) 229 90 39, 229 91 41.

00:00, 09/12/2011 | Анонсы |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0654 seconds.