Dzie Toobes

«Дзе Тубс?» — пад такімі пытаньнямі мне прыйшлося піць піва ўсю першую гадзіну меркаванага канцэрту The Toobes у менскім Re:public. 

«Трэба ўважлівага слухаць, каб зразумець словы, трэба ўважліва слухаць», — у галаве за некалькі хвілінаў да заяўленага часу пачатку канцэрту ангельскамоўнай каманды праносіцца адна і тая ж думка. Мне ўвесь час здаецца, што яшчэ сэкунда — і я паламаю ногі на разьбітых ушчэнт прыступках лесьвіцы неасьветленага тратуару альбо атрымаю падачу ад якога бугая ў адной зь мясцовых піўных кампаній, што тусуюцца на маім шляху да клюбу Re:public, дзе першы раз у сваёй трохгадовай кар’еры выступаюць The Toobes.

У адсутнасьці апошніх я бяру на бары піва, ашчаджаючы на гэту справу 15-ю частку маёй няіснай стыпэндыі, і ў галаве праносіцца думка: колькі, цікава, гэтыя валасатыя хлопцы заробяць за вечар? Квіткі каштуюць па 70 тысячаў, і я пачынаю забаўляцца тым, што пералічваю кожнага наведвальніка пад сцэнай і на другім паверсе клюбу. Зьбіваюся на трэцяй сотні і забіваю на матэматычныя экспэрымэнты.

The Toobes

За гэты час я пасьпяваю расправіцца з бутэлькай і адпраўляюся на бар за другой. Дзякуй, піва тут дарагое, і бар асабліва нікому не цікавы. «Трэба ў кагосьці гэта высьветліць», — праносіцца ў галаве, і я адпраўляюся на пошукі суразмоўцы. На другім паверсе на вочы трапляецца сталы прыяцель — шматгадовы заўсёднік падобных тусовак.

«Старык, — глядзіць ён на мяне троху п’янаватымі вачыма. — Колькі яны сёньня заробяць — гэтага табе ніхто ня скажа».

«Трындзят не па-нашаму»

«Іду заўтра на The Toobes, зараз буду выразаць акуляры зь вінілавых плытак», — за суткі да гэтых падзей піша ў Твітэры юзэрка kristyfer. Менавіта ў бясконцым прасяданьні ў сацсетках абвінавачвалі цюбсы «сваё пакаленьне» (новы альбом даволі патасна завецца My Generation) за тыдзень да канцэрту. І вось, посьпех: я ў коле соцень іншых п’ю другое піва на іх канцэрце, а невядомая красуня яшчэ за суткі да азначаных падзей рыецца ў дагістарычным вініле, каб вычапіць адну-адзіную плытку для моднай «цацкі».

The Toobes

The Toobes

Цікава, што менавіта стасункі з модай і з галоўнымі трэндамі сталі вызначальнымі ў кар’еры гурта.

У свой час The Toobes выскачылі на масавую сцэну са сваёй фішкай у выглядзе бубнача-вакаліста ў даволі драйвовы час: адмена сьпісаў забароненых музыкаў, сьвітанку беларускага хіпсьцерства, лібэралізацыі ўрэшце рэшт. І музыка іх была гэткай жа драйвовай, у адпаведнасьці з часам, а таму яшчэ і моднай. Троху «па-рок-н-рольску» непрадуманымі былі і паводзіны: можна было рабіць выгляд, што ангельскамоўная каманда быццам не разумее беларускай, пры гэтым уласны сцэнічны выгляд таксама заставаўся па-за дужкамі цьвярозага розуму. Але гэткі скрайне падлеткавы пэрыяд хлопцы, здаецца, перажылі. Цяпер думкі пра іншае: кантракты ў Англіі, тур па Эўропе, масіраваны піяр новага альбому і таго самага менскага канцэрту.

The Toobes

У выніку мы сустракаем троху іншых «цюбсаў». Зьнешне яны ўсё гэткія ж разьдзяўбаі, што тэатральна руйнуюць інструманты на сцэне, бесьперапынна плаваюць па руках узбуджаных прыхільніц і прыхільнікаў (відовішча, варта сказаць, эпічнае) і нават выбачаюцца за тое, што «часам кажуць розныя глупствы», пры гэтым «усё роўна любяць нас». Ці то наўмысна, ці то сапраўды хлопцы ў самы адказны момант забываюцца, дзе паклалі ключы ад галоўнай фішкі цяперашняга канцэрту — аднаго зь серабрыстых мапэдаў, што ўзгрувашчаныя па баках сцэны, высяцца над танцпляцам увесь канцэрт. Нават пачатак выступу адкладаецца болей чым на гадзіну, ад чаго публіка пачынае шаптацца, паміж справай праяўляючы незадаволенасьць у тым, што «ўжо пасьпеў працьверазець, хаця канцэрт яшчэ не пачаўся».

The Toobes

Зрэшты, мэтамарфозы ў паводзінах асабліва не закранулі непасрэдна музыку The Toobes — першы альбом лёгка пераблытаць з другім, хаця слухаць іх абодва найперш варта жыўцом. Хто сумняецца ў гэтым, можа дайсьці да наступнага выступу The Toobes, каб пабачыць захопленых кожным гукам амаль цалкам новай праграмы ідалаў менскіх ціноў. Што да саміх «цюбсаў», то крытэр іх посьпеху будзе палягаць, верагодна, у здольнасьці знайсьці новыя фішкі і ўладкавацца ў паласатай рэальнасьці беларускай эры постхіпстэрызму.

Таксама: Фотарэпартаж з прэзэнтацыі новага альбому The Toobes 
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0616 seconds.