БДЭУ і БДУІР таксама ўзьнялі кошты з кастрычніка

Эканамічны і радыётыхнічны ўнівэрсытэт абвясьцілі аб новых памерах платы за адукацыю. Цяпер эканамісты будуць плаціць за навучаньне столькі ж, колькі і праграмісты, а праграмісты — як раней плацілі юрысты БДУ. Апошнія ж будуць выдаткоўваць на адукацыю амаль па 10 мільёнаў у год.

Паводле інфармацыі, што зьявілася на сайтах навучальных установаў, беларускія студэнты ўжо з кастрычніка ці лістапада будуць плаціць ад 16% да 25% болей за адукацыю.

На 20% вырасьце плата за навучаньне ў Беларускім дзяржаўным эканамічным унівэрсытэце. Пры гэтым кошты ўсталёўваюцца «заднім лікам» — з 1 кастрычніка. Кошт года навучаньня на 1–3 курсах дзённага аддзяленьня па некаторых спэцыяльнасьцях падвышаная болей чым на 20% — з 5.02 да 6.04 млн. рублёў.

Значна болей за эканамічную каштуе адукацыя праграміста ў Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце інфарматыкі і радыёэлектронікі. Калі першакурсьнікі найбольш прэстыжных факультэтаў гэтага ВНУ яшчэ ў верасьні плацілі прыкладна столькі, колькі цяпер будуць выдатковаўць на адукацыю эканамісты з БДЭУ, то ўжо з кастрычніка ім зробяць «пераразьлік»: рахункі за навучаньне вырастуць на 25%. Адукацыя ў БДУІР будзе каштаваць да 7.5 мільёны ў год.


Як вырасла аплата за адукацыю ў кастрычніку-лістападзе. У мільёнах рублёў

Не стаяць на месцы і рэгіянальныя ўнівэрсытэты. Магілёўскі дзяржаўны ўнівэрсытэт падвысіў аплату на 16% да 5.52 млн., Берасьцейскі дзяржаўны — на 25%.

25% — гэта цэнавая столь, якую ўсталявала Мінадукацыі. Акрамя БДУІР і МДУ па-максымуму вырашылі ўзьняць кошты і ў Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце. Раней Generation.bY пісаў аб тым, што цяпер першакурсьнікі найбольш прэстыжных спэцыяльнасьцяў БДУ — правазнаўства, эканомікі, усходняй філялёгіі — плацяць па 9.35 мільёны.

Падвышэньне платы за навучаньне ў Міністэрстве адукацыі звыкла тлумачаць узрослымі выдаткамі. У апошні месяц у краіне значна былі ўзьнятыя заробкі выкладчыкаў, вырасьлі камунальныя плацяжы.

Кастрычніцкае падвышэньне адукацыйных коштаў — ужо трэцяе за апошні год. Аб папярэднім было абвешчана толькі пару месяцаў таму — у жніўні. А першае, і пакуль самае вялікае, адбылося ў разгар зімовай сэсіі 2011 году. Тады студэнты даведаліся, што за навучаньне прыйдзецца выкладаць прыкладна на чвэрць болей, чым раней. У БДУ кошты паднялі на 26%, у БДУІР — на 20%.

Агулам за апошні год адукацыя ў БДУ падаражэла на 79%.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0612 seconds.