Бясплатныя паездкі навучэнцаў у мэтро абыдуцца дзяржаве ў $5.6 млн

У сярэднім з-за бясплатнага праезду студэнтаў і навучэнцаў у месяц менскае мэтро губляе 3.9–4 млрд. рублёў альбо 466 тысячаў даляраў. Яшчэ некалькі дзесяткаў тысячаў сыходзяць на тых, хто выдае сябе за студэнтаў. У спробе змаганьня зь ліпавымі ільготнікамі дзяржава прапануе ўвесьці адзіную форму пропускаў.

Па словах кіраўніка менскага мэтро Расьціслава Юрэні, агульны памер стратаў мэтро, а значыць менскай мэрыі і дзяржавы, з-за безьбілетнага праезду студэнтаў, што быў уведзены па ўказу Лукашэнкі крыху болей за месяц таму, дасягае 3.9–4 млрд рублёў у месяц ці $5.6 млн. у год. Столькі ж горад вылучае на ўсю культуру, мастацтва і кіно сталіцы.

Мэрыя ўжо вырашыла рэзка павялічыць кошт праезду ў сталічным транспарце. У сьнежні талёнчык будзе каштаваць 1 850 рублёў. Зрэшты, улады адкідаюць повязь цяперашняга падвышэньня коштаў і неверагодных выдаткаў на студэнцкі праезд.


Як будуць расьці кошты на праезд у Менску (праект мэрыі)

Кожны дзень у менскае мэтро спускаюцца 217 тысячаў студэнтаў. Каб дапамагчы кантралёрам правяраць дакумэнты ў такой колькасьці пасажыраў, два тыдні таму побач зь імі сталі дзяжурыць людзі з чырвонымі павязкамі. Яны штодзень вылоўліваюць болей за сотню пасажыраў зь ліпавымі пасьведчаньнямі школьнікаў і студэнтаў, піша газэта «Рэспубліка».

Каб змагацца з «псэўдастудэнтамі» мэтрапалітэн прапануе ўвесьці адзіную форму пропускаў — аднаго колеру і памеру. Гэта, па словах прадстаўніка мэтро, спросьціць працу кантралёраў і дасьць магчымасьць зьменшыць колькасьць тых, хто імкнецца праехаць на грамадзкім транспарце, не заплаціўшы за праезд.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0585 seconds.