Што адбываецца на могілках ўначы на Дзяды

Беларусы сьвяткуюць Дзяды сёньня, 2 лістапада, а літоўцы за дзень да таго. Але адпачываюць да гэтага тры дні, за якія маюць нагоду выбрацца на самыя знакамітыя могілкі Вільні, каб паставіць там сьвечкі сваякам, вядомым ці зусім забытым асобам, пахаваным стагодзьдзі таму.

Віленскія могілкі ўвечары 1 лістапада — гэта зорнае неба дагары нагамі. Сотні, а можа і тысячы маленькіх агеньчыкаў запаўняюць цемру пагоркаў, на якіх высяцца велічныя каменныя крыжы і анёлы, што ахоўваюць людзей іншых эпохаў і стагодзьдзяў.

Сярод гэтага мора на могілках Роса, што на поўдні Вільні недалёка ад чыгункі, агеньчыкамі падаюць сыгналы магілы вядомых беларусаў: Ядзьвігіна Ш., Уладзіслава Сыракомлі, братоў Антона і Івана Луцкевічаў. Пра апошніх, гледзячы па колькасьці сьвечак, памятаюць добра — ды й як можна забыцца на адных зь першых архітэктараў ідэі незалежнай Беларусі?

Магілы іншых вядомых насельнікаў могілак Росы можна лёгка пазнаць па багацьцю сьвечак. А ля некаторых зь іх увечары ўвесь час нехта ёсьць як, напрыклад, ля помніка бадай самаму знакамітаму літоўскаму мастаку Мікалоюсу Чурлёнісу, стагодзьдзе з даты сьмерці якога сёлета адзначаюць.

Могілкам Роса болей за два стагодзьдзі. Велічныя і троху ўжо занядбалыя помнікі ў мінулым багатым і моцным стаяць па суседзтву з, ад пачатку безыменнымі, пахаваньнямі памерлых ад эпідэмій і іншых людзкіх няшчасьцяў. Таму калісьці гэтае месца называлі сіроцкім, але з часам за ім захавалася болей паэтычнае — Роса — ад агульнага ў літоўскай і славянскіх мовах «раса».

Цяпер па расе ўвечары гуляюць нават тыя, хто ня мае тут ніводнага сваяка. Але ўсё роўна ставіць сьвечкі на выпадковых забытых магілах. Бо Дзяды — час спытаць парады мудрых продкаў. І прыгадаць аб вечнасьці, што чакае ўсё жывое.

Віленчукі кажуць, што калі сьвечкі дагараюць, на могілках зьбіраецца талака, каб прыбраць згарэлыя сьвечкі.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0609 seconds.