У ЗША страйкуюць студэнты, што працуюць па праграме Work and Travel

Сотні студэнтаў, што прыехалі ў ЗША працаваць па праграме Work and Travel, лічаць, што іх падманулі, бо не атрымалі належнай аплаты за працу на шакаляднай фабрыцы. Зладзіўшы забастоўку ў сэрцы шакаляднай прамысловасьці ЗША, яны прымусілі казаць пра сябе ўсю Амэрыку. Гэта далёка ня першы скандал, зьвязаны з самай папулярнай у Беларусі праграмай адукацыйных вандровак.


Студэнты ня толькі папрацавалі ў ЗША, але і пастрайкавалі. Фота Monica Lopossay for The New York Times

Праз болей чым месяц працы на фабрыцы Hershey, што выпускае шмат вядомых марак шакаляду, у тым ліку Kit-Kats і Almond Joys, студэнты з Украіны, Румыніі, Кітаю і Турцыі адчулі сваё жыцьцё далёка не салодкім. На іх думку, працадаўца іх моцна падманвае, значна недаплачваючы.

Каб распавесьці сьвету пра свае нягоды, студэнты адмовіліся працаваць і зладзілі мітынг, пра які напісалі буйнейшыя амэрыканскія выданьні, у тым ліку The New York Times.

Студэнты скардзяцца, што заплацілі тысячы даляраў, каб прыехаць на лета ў ЗША: папрацаваць, а пасьля і павандраваць. Аднак праца на канвэеры аказалася надта цяжкай, а заробкі мізэрнымі, асабліва для ўсталяваных цэнаў за арэнду жытла. Маладыя людзі кажуць, што пасьля вылічэньня з заробку арэнднай платы ў іх амаль не застаецца грошай на вандроўкі.

Тым часам

Удзельнікам праграмы Work and Travel амаль немагчыма атрымаць амэрыканскую візу

Як паведамлялася раней, атрымаць візу ў ЗША стала складаней. На тэрыторыі Расеі, дзе многія удзельнікі праграмы Work and Travel праходзяць сумоўе ў амбасадах, адмовы складаюць 10.1% ад заяў на турыстычную візу. Годам раней адмовы атрымлівалі ня болей за 5%, піша Travel.ru.

У лік тых, хто цяпер практычна гарантавана не атрымае амэрыканскую візу, трапілі студэнты, што езьдзілі па праграме Work and Travel раней.

Спачатку амбасада ЗША ўвяла новыя правілы на ўдзел у праграме, якія рэзка ўскладнілі працэдуру і павялічылі кошт афармленьня дакумэнтаў. У выніку ўжо гэтай вясной студэнты, якія плянавалі паехаць у ЗША, атрымалі рэкордную колькасьць адмоваў. А цяпер і тыя, хто раней бываў у ЗША ў межах Work and Travel, а пасьля вырашыў вярнуцца ў краіну па турыстычнай візе, атрымліваюць у асноўным адмовы.

Як распавядаюць жадаючыя атрымаць турыстычныя візы, часьцяком на сумоўі іх ні аб чым не пытаюць. Супрацоўніку консульства дастаткова ўбачыць інфармацыю аб знаходжаньні ў краіне на Work and Travel у мінулым — і турыст неадкладна атрымлівае адмову.

Прычына такога стаўленьня крыецца ў шматлікіх праблемах, што здараліся ў сувязі з Work and Travel. Гэтак, восеньню 2010 года FBR выявіла групу фінансавых ашуканцаў, якія выкарыстоўвалі ў сваіх злачынных махінацыях студэнтаў з праграмы (на іх дакумэнты злачынцы атрымлівалі грошы па чэках за ўзнагароджаньне).


Фота Monica Lopossay for The New York Times

Працадаўцы студэнтаў дамовіцца паміж сабой ня могуць. Працуюць маладыя людзі на адну кампанію, аднак завод належыць другой, прычым кантракты заключала трэцяя. Цяпер студэнты з Усходняй Эўропы і Кітаю рызыкуюць застацца ў мінусе па выніках вандроўкі.

У гэтым годзе па Work and Travel у ЗША прыехала каля 6 тысячаў маладых людзей. Аднак многія жадаючыя на праграму ня трапілі. У Беларусі ў сувязі зь фінансавымі махінацыямі адной з кампаній, што дапамагала студэнтам уладкавацца на працу, узбуджаная крымінальная справа. Бяз грошай і Амэрыкі засталіся 120 студэнтаў.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0649 seconds.