БДУІР аднавіў вячэрняю форму навучаньня

Беларускія ВНУ вяртаюцца да забытай формы навучаньня па вечарах. Чакаецца, што найперш яна зацікавіць працуючых хлопцаў прызыўнога ўзросту.

У Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце інфарматыкі і радыёэлектронікі ў гэтым годзе аднаўляецца вячэрняя форма навучаньня. Як паведамілі БелаПАН у прэс-службе БДУІР, набор на яе будзе праходзіць па васьмі найбольш запатрабаваных спэцыяльнасьцях. Па кожнай спэцыяльнасьці плянуецца набраць прыкладна 30 чалавек.

Па словах прарэктара па навучальнай працы і інфарматызацыі ўнівэрсытэту Барыса Нікульшына, вячэрняя форма навучаньня дазволіць сумясьціць вучобу з працай, кар’ерай. Засваеньне спэцыяльнасьці на вячэрняй форме навучаньня зойме 6 гадоў.

Магчыма, новай формай навучаньня найбольш зацікавяцца студэнты, якія жадаюць працаваць, вучыцца і пры гэтым мець адтэрміноўку ад службы ў войску. Як вядома, зь мінулага году для навучаньня на завочных факультэтах яна не надаецца.

Аднак пакуль вячэрняя форма навучаньня не карыстаецца асаблівай папулярнасьцю ў абітурыентаў БДУІР: на 240 «вячэрніх» месцаў за 12 дзён да сканчэньня набору пададзеная толькі адна заяўка.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0589 seconds.