Эўразьвяз вылучае на адукацыю два бюджэты Беларусі

Эўрапейскі зьвяз адразу на 73% павялічвае свой адукацыйны бюджэт і абяцае патраціць на праграмы навучаньня каля €15.2 мільярдаў за сем гадоў. Колькасьць адукацыйных грантаў узрасьце ўдвая, ад чаго выйграюць найперш тыя, хто жадае вандраваць і вучыцца адначасова.

У крызысны час ЭЗ вырашыў падтрымаць адукацыю. Праз год 800 тысячаў студэнтаў, выкладчыкаў і дасьледчыкаў атрымаюць магчымасьць навучацца за межамі сваёй краіны. Гэта ў два разы болей, чым ёсьць цяпер.

Як паведамляе прэс-служба Эўрапейскай камісіі, агулам бюджэт ЭЗ на адукацыю, навучаньне і праграмы моладзі ўзрасьці на 73% да €15.2 мільярдаў за сем гадоў. Гэта сума ў два разы перавышае ўвесь сёлетні гадавы бюджэт Беларусі.

«Мы хочам заахвоціць больш людзей скарыстацца магчымасьцю вучыцца, працаваць або займацца валянтэрствам за мяжой, паколькі гэты вопыт мае неацэннае значэньне для разьвіцьця навыкаў і пашырэньня пэрспэктываў працаўладкаваньня», — заявіла эўракамісарка па пытаньнях адукацыі, культуры, шматмоўя і моладзі Андрула Васіліў, каментуючы новы памер бюджэту. Па яе словах, вылучаючы больш сродкаў на адукацыю, ЭЗ спадзяецца задаволіць будучыя патрэбы ў працоўных месцах, а таксама эфэктыўней змагацца зь беднасьцю.

Болей падтрымкі атрымаюць праграмы, накіраваныя на падвышэньне крэатыўнасьці, разьвіцьцё мэдыя і мастацтваў, але найперш выйграюць студэнты, што жадаюць навучацца за межамі сваёй роднай краіны. Цяпер попыт на такое навучаньне значна перавышае магчымасьці эўрапейскіх ўнівэрсытэтаў.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0604 seconds.