Польскі мастак заліў офіс Tut.by фарбаю

У галерэі Tut.by адкрылася выстава польскага мастака зь беларускімі генамі. Вядомы сваёй схільнасьцю да расклейкі ўласных карцін на гарадзкіх слупах, прафэсар мастацтва з Кракава Пётр Яргуш упершыню прывёз свае творы ў Беларусь. Выстава «Viatoris глядзіць на зоркі» прысьвечаная тэме падарожжаў і пошукаў.

Па падлозе ў вэстыбюлі офісу мэдыя-імпэрыі Юрыя Зісера зь непрывабнымі чамаданамі на сьпінах і ў руках выкручваюцца і поўзаюць маладыя людзі, загрыміраваныя пад удзельнікаў сьвяткаваньня Хэлоўіну. Азадачаныя юрысты і праграмісты выходзяць з-за ўтульных працоўных месцаў, каб прыклаўшы ўказальны палец да вуснаў, са спачуваньнем угледзецца ва ўдзельнікаў пэрформансу.

Акторам падтаквае мастак Пётр Яргуш — прэзэнтацыі ягонай выставы і прысьвечанае гэтае прадстаўленьне тэатру «У кубе» — малюючы на падлозе чорнымі фарбамі чарговы твор. «Чамаданшчыкі» вымазваюцца ў фарбу, яшчэ горай расьціраючы яе па белай тутбаеўскай кафлі, ад чаго твор Яргуша паступова сыходзіць у нябыт (альбо атрымлівае завершанасьць?).

«А мы хоць падлогу адмыем?» — усхвалявана ўзіраецца на дырэктара Tut.by Юрыя Зісера адна з супрацоўніц офісу.

Юры Зісер усьміхаецца краем вуснаў, упэўнена назіраючы за дзеяй. За некалькі хвілін да гэтага ён прадэманстраваў свае веды ў польскай, падрыхтаваўшы невялікую вітальную прамову на мове аўтара выставы «Viatoris які глядзіць на зоркі». Выйшаўшы да мікрафону ўсьлед за кіраўніком Tut.by, дырэктар Польскага інстытуту ўсьміхаецца:

«Тады мне трэба выступіць па-беларуску», — і сапраўды пераходзіць на беларускую Пётр Казакевіч, вітаючы свайго суайчыньніка.

Пётр Яргуш — 50-гадовы прафэсар мастацтва з Кракава. Там ён нарадзіўся і вывучыўся, а цяпер робіць мастацкія акцыі, разьмяшчаючы на слупах у цэнтры свайго любімага гораду ўласныя карціны. «Карціна — гэта рэальнасьць, штодзённасьць», — тлумачыць мастак. Прыкладна на гэтую ж тэму і тыя творы, што цяпер, упершыню ў Беларусі, вісяць на сьценах галерэі Tut.by.

«Я сёньня сапраўдны беларус, і вельмі рады таму, што прыехаў», — пераходзячы з расейскай на польскую і цытуючы Пушкіна, прызнаецца Пётр Яргуш, які мае «далікатную прыгажосьць Беларусі ў генах». Разгледзіць яе ў карцінах аўтара можна будзе да 24 чэрвеня.

Галерэя TUT.BY знаходзіцца па адрэсе вул. В. Харужэй, 1а, 6 паверх і працуе да 18 гадзін штодзень акрамя выходных.

Болей здымкаў: Фотарэпартаж з адкрыцьця выставы «Viatoris глядзіць на зоркі»

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0597 seconds.