Летні прызыў адмяняецца

Вайскоўцы памянялі тэрміны прызыву на тэрміновую службу. Цяпер замест звыклых зімняга і летняга прызываў забіраць у войска будуць увосень і вясной. Выпускнікі змогуць безь перашкодаў рыхтаваць дыплёмы, паступаць у магістратуры і нават ехаць па разьмеркаваньні: «забяруць» толькі ў лістападзе.

У Беларусі зьмененыя парамэтры навучальнага году ва Ўзброеных сілах і прызыву на тэрміновую вайсковую службу і службу ў рэзэрве, паведаміў БелаПАН начальнік галоўнага арганізацыйна-мабілізацыйнага ўпраўленьня — намесьнік начальніка Генэральнага штабу Ўзброеных сіл палкоўнік Сяргей Купрык.

Калі прызывалі раней?

Кастрычнік-студзень (01.10. — 30.01.);
Красавік-ліпень (01.04. — 30.07.).

Як будуць прызываць цяпер?

люты-травень (01.02. — 31.05.);
жнівень-лістапад (01.08. — 30.11.).

Такім чынам, бліжэйшая «магчымасьць» трапіць у войска для прызыўнікоў — лістапад 2011 году. Улетку ж будуць набіраць жаўнераў толькі ў войскі МУС, памежнікаў і дзяржбясьпекі. Рэзэрвістаў прызавуць таксама ў лістападзе.

Болей за ўсё ад новых тэрмінаў прызыву выйграюць выпускнікі. Паходы ў ваенкаматы і мэдкамісіі ня будуць іх адштурхоўваць ад падрыхтоўкі і здачы дзяржіспатаў і абароны дыплёмаў. Таксама студэнты атрымаюць магчымасьць паступаць у магістратуры і асьпірантуры безь перашкодаў з боку ваенкаматаў.

Вайскоўцы тлумачаць зьмены жаданьнем «больш эфэктыўна выкарыстоўваць вучэбную матэрыяльную базу», а таксама палепшыць ўмовы адаптацыі новых прызыўнікоў. Рабіць гэта ў студзені нялёгка з-за звычайных у гэты час эпідэмій.

Зрэшты, новыя тэрміны адпраўкі ў войска сталі магчымымі толькі пасьля адмены адтэрміноўкі для завочнікаў: цяпер вайскоўцы не баяцца, што выпускнікі «разьбягуцца» па завочных аддзяленьнях перад прызывам.

Тых, хто праходзіць тэрміновую службу цяпер, абяцаюць звольніць своечасова. Самі тэрміны службы адмяняць ня будуць: як і раней тыя, хто ўжо скончыў унівэрсытэт, будуць служыць год, а прызыўнікі без вышэйшай адукацыі — паўтара гады.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0677 seconds.