Арганізатар Men’s Fest: «Тое, што я намагаюся разьвіваць — нефармат»

Сёньня ў Менску стартуюць адборачныя канцэрты ў межах фэстывалю Men’s Fest. На беларускамоўны конкурс адгукнулася 45 гуртоў з пяці абласьцей. Пра беларускамоўную музыку, фэстывальнае жыцьцё ды матывацыю мы паразмаўлялі з галоўным арганізатарам Men’s Fest берасьцейцам Зьмітром Назаравым.

Фэстываль Men’s Fest пройдзе ўжо ў другі раз і цяпер з конкурсам сярод маладых гуртоў. Усё як мае быць: з адборачнымі канцэртамі ды прызамі ў фінале. Пераможца атрымае сэртыфікат і запрашэньне выступіць на адным з буйнейшых украінскіх фэстаў «Захід 2011». Іншыя пераможцы атрымаюць «сайт пад ключ» ды магчымасьць надрукаваць майкі зь лягатыпам свайго гурта.


Зьміцер Назараў. Аўтар фота Аляксей Дмітрук.

Разьвіцьцё альтэрнатыўнай беларускамоўнай сцэны — такую задачу паставілі перад сабою арганізатары Men’s Fest. Найперш пра гэта і гаворыць Зьміцер Назараў:

«Я заўсёды жадаў зрабіць нейкі адмысловы беларускі конкурс. Штодня слухаю радыё Рацыя ў машыне. Там асноўная частка ратацыі — беларускамоўныя выканаўцы, і як не балюча гэта прызнаваць — вельмі шмат шлаку. Хочацца разьвіваць беларускамоўную сцэну. І пры арганізацыі імпрэзаў аддаю прыярытэт беларускамоўнаму, хоць, на жаль, незаўсёды яно цікавае і канкурэнтназдольнае.

Беларускамоўным гуртам ня так шмат магчымасьцяў дзе-небудзь паказацца. Нашая культура [недзяржаўная] ня надта цікавая людзям, якія па сэнсе сваёй пасады павінны разьвіваць і падтрымліваць яе. На жаль, існуе паняцьце „фармат-нефармат“. І тое, што цікава мне, і што я намагаюся развіваць, атрымліваецца — якраз нефармат».

Ідэя фэсту зьявілася ў хлопцаў — Зьмітра і менскага прамоўтара Яўгена Berserk’а ў 2009 годзе. Тады фэстываль прайшоў у Менску.

«Гэта быў своеасаблівы абуджальны штуршок для гурта Sciana [Назараў зьяўл. дырэктарам гурта — рэд.]. Пасьля гэтага хлопцы ўзялі сваю волю ў кулак, выкінулі безнадзёгу з сваіх галоваў ды пачалі актыўна працаваць і выступаць. І выдалі альбом „Кропка вяртаньня“. У 2010 годзе фэст ужо плянаваўся як конкурсны, але не было каманды і зноў конкурс перанёсься ўжо на гэты год. Ды ў мінулым годзе і канцэрт нават не далі правесьці — некаторыя чыноўнікі сплялі шмат інтрыжак і паклёпаў і па выніку — забарона».

Сёлета арганізатары маюць больш аптымізму. Адборачныя канцэрты ўжо пачаліся. А ў журы фэсту сярод музыкаў ды журналістаў заангажаваны начальнік аддзелу культуры Берасьцейскага райвыканкаму.

«Файна, што мае калегі па рэгіёнах вырашылі дапамагчы. Прыемна, што кампанія „Будзьма беларусамі!“ зацікавілася праектам і далучылася да арганізацыі. Беларускамоўнаму выканаўцу цяжка стаць вядомым у сваёй краіне. Беларускамоўных гуртоў куды меней за іншамоўных у Беларусі, таму на іх ляжыць больш адказнасьці за сваю творчасьць — маю на ўвазе якасьць. А ў нас якасьць „прадукту“ пакідае жадаць лепшага. І гэта нармальна. Проста трэба штуршок, і атрымаецца лепей».

Мяркуючы па колькасьці заявак, штуршок адчуваецца — 45 гуртоў для маладога фэстывалю лічба не малая. Амаль дзьве траціны ўсіх заявак прыйшлі зь Менску, таму па выніках менскіх адбораў у фінал трапіць не адзін гурт, а два. Па іншых гарадах адборачныя канцэрты пройдуць у траўні: 5-га ў Гародні, 7-га ў Віцебску, 13-га ў Берасьці. Найбольш пашэнціла гомельскаму гурту, які ўжо зараз трапляе ў фінал, бо ягоная заяўка — адзіная з вобласьці. А вось з Магілёву аніводнай заяўкі.

На фэст з такім «мужчынскім» назовам адгукнуліся пераважна хлопцы. Са 150 музыкантаў дзяўчат усяго 10.

Расклад адборачных канцэртаў у Менску

  • 19.04 — у стылі «панк»
    Удзельнічаюць: AMAROKA, Dа! Бл… , Мяшчане
  • 20.04 — у стылі «гранж»
    Удзельнічаюць: AVIAS, МУТНАЕВОКА
  • 21.04 — у стылі «фолк»
    Удзельнічаюць: Верасень, Кашлаты Вох, РОКАШ
  • 26.04 — у стылі «рок»
    Удзельнічаюць: SKRIZHALI, АБШАР, ZnaROCK
  • 4.05 — у стылі «мэтал»
    Удзельнічаюць: HOK-KEY, Green Pills, CORSET
  • 5.05 — у стылі «рок»
    Удзельнічаюць: N: E: B: A: C: R: Y, Lavatrina, Punkrot.

Пачатак мерапрыемстваў — 19.00, кошт квітка — 10000 на ўваходзе. 
Клюб Салтайм (пр-т Незалежнасьці 131/1). Даведкі па тэл. (029)2597325.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0662 seconds.