Болей 100 чалавек сьпявалі «Belarus Freedom» каля «Рэактару»

Болей за сотню чалавек сабраліся суботнім вечарам ля менскага клюбу «Рэактар» на флэшмоб, прысьвечаны адмене канцэртаў гурта «Ляпіс Трубяцкой». Студэнты прасьпявалі два дзесяткі песьняў з апошніх альбомаў «Ляпісаў», выпусьцілі ў паветра зь дзесятак балёнікаў і пакрысе разышліся. Міліцыя дэманстратыўна не паказвала сваю зацікаўленасьць акцыяй.

«С победой! Пусть знают — нас не запугать!» — радасна посьціў у Vkontakte па сканчэньні флэшмобу з нагоды адмены аншлягавых выступаў «Ляпіса Трубяцкога» ў менскім «Рэактары» адзін зь яго ўдзельнікаў.

Словы гэтыя неверагодна дакладна выражаюць сэнс таго, што на працягу гадзіны адбывалася на залітай сьвятлом заходзячага сонца пляцоўцы ля клюбу часоў «культурнага генацыду»: ахоўнік «Рэактару», што нэрвова паліць ля ўваходу ў клюб, дзяўчыны і хлопцы з каляровымі балёнікамі ў адной руцэ і раздрукоўкай некалькіх песень «Ляпісаў» у іншай. І ўсё гэта на фоне агульнай нэрвовай атмасфэры тусоўкі, многія маладыя людзі ў якой ціснуліся да пэрыфэрыі кола наваяўленых «трыб’ютараў» «Ляпісаў», быццам на стартавай пазыцыі на выпадак зьяўленьня аматараў рок-музыкі ва ўніформе. Апошнія, аднак, так і не праявіліся, што, мабыць, выклікала ня меней зьдзіўленьня за сам факт адмены ўсіх канцэртаў «Ляпісаў Трубяцкога» ў Беларусі.

Прыхільнікі «Ляпіса» вырашылі сабрацца на флэшмоб ля клюбу «Рэактар» пасьля паведамленьня аб адмене двух канцэртаў гурта. Пра сваё жаданьне далучыцца да акцыі ў Vkontakte заявілі каля паўтысячы чалавек.

У выніку да акцыі дабраліся болей за сотню маладых людзей, якія сьпелі самыя галоўныя гіты «Ляпісаў»: ад кампазыцый з апошняга альбому «Весёлые картинки» «Грай» і «Я веру» да «Маніфэсту» і «Беларусь Freedom». У разы, дарэчы, болей, чым было заплянавана.

Празь зьяўленьне ананімнага сьпісу забароненых музыкаў і дзеячаў культуры ў Менску быў адменены дзесятак канцэртаў артыстаў, што трапілі ў гэты пералік. Аднак дагэтуль фанаты ў Менску не наважваліся публічна праявіць сваё стаўленьне да падзей.

Ігнараваньне «чорнымі шапачкамі» акцыі ў падтрымку «Ляпіса» стала прыемным сюрпрызам на фоне вялікай цікаўнасьці да аналягічнай падзеі ў Гомелі з боку супрацоўнікаў АМАПу. Тады канцэрт таксама быў адменены без тлумачэньняў, пасьля чаго фанаты сабраліся праз сацсетку ў цэнтры гораду, каб прасьпяваць песьні «ляпісаў». У выніку быў затрыманы журналіст, а акцыя доўжылася некалькі хвілін.

Глядзіце таксама: фотарэпартаж з флэшмоба салідарнасьці з «Ляпісам Трубяцкім»

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0642 seconds.