Лукашэнка зноўку захацеў «узроўню адукацыі савецкіх часоў»

Аляксандр Лукашэнка жадае атрымліваць «Жэстачайшае спагнаньне з вучняў і бацькоў за адукацыю», як тое, на яго думку, было ў савецкія часы. Таксама кіраўнік дзяржавы заявіў, што рэктары беларускіх ВНУ займаюцца разбоем, а адна з галоўных задач унівэрсытэтаў — зрабіць так, каб «студэнтам не было часу хадзіць па вуліцах».

«Паставіць на ўзровень савецкіх часоў, калі было ‘жэстачайшае’ спагнаньне з навучэнца, з бацькоў за адукацыю і выхаваньне дзяцей у школе», — так парэкамэндаваў зьмяніць адукацыйную палітыку двум міністрам адукацыі: былому і цяперашняму — кіраўнік дзяржавы на сустрэчы зь Сяргеем Маскевічам і Аляксандрам Радзьковым.


На сустрэчы з Радзьковым і Маскевічам Лукашэнка распавёў, што трэба рабіць, каб «студэнтам не было часу хадзіць па вуліцах». Скрыншот з відэа СТВ

Таксама Лукашэнка заявіў, што чакае «нанясеньня галоўнага „ўдару“ па асноўным накірунку: адукацыІ, выхаваньню і ўздым вось гэтага попыту з вучня і бацькоў», паведамляе прэс-служба кіраўніка дзяржавы.

У адказ на гэты першы намесьнік адміністрацыі прэзыдэнта Аляксандр Радзькоў сказаў, што ў адукацыя ў нас — «эўрапейскага ўзроўню», таму «часам цяжка ўтрымаць выпускнікоў, паколькі попыт на іх высокі і ў іншых краінах».

Паводле кіраўніка дзяржавы, праблем з высокім коштам на беларускую адукацыю няма, затое ёсьць рэктары-«разбойнікі», якія ўводзяць дадатковыя аплаты «не вядома за што».

«Нашы рэктары пачынаюць разбойнічаць: яны могуць унесьці дадатковую аплату ў канцы сэмэстру не вядома за што. Нават у канцы сэмэстру, калі ён аплачаны, увесьці нейкую даплату».

З пачатку 2011 году ў беларускіх ВНУ была рэзка падвышаная плата за навучаньне — у асобных выпадках да 30%. У выніку Беларусь заняла першае мясца сярод эўрапейскіх краін па хуткасьці росту коштаў на адукацыю. Улады патлумачылі гэта павелічэньнем зарплаты выкладчыкаў.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1265 seconds.