10 месцаў для буккросінга ў Менску

bookcrossing

Дзе ў Менску можна пакінуць і знайсьці вольныя кніжкі? 10 найбольш папулярных месцаў абмену кнігамі ў сталіцы.

Буккросінг — гэта сусьветны рух, сэнс якога палягае ў вольным перасоўваньні кніг ад аднаго чытача да іншага. Пачытаў чалавек кнігу, і ня ведае, што зь ёй рабіць. Тады ён пакідае («вызваляе») яе ў грамадзкім месцы (парку, кавярні, цягніку, станцыі мэтро), дзеля таго, каб іншы мінак мог гэтую кнігу знайсьці і прачытаць; той у сваю чаргу павінен паўтарыць працэс.

Ідэю буккросінгу прапанаваў сеціўны актывіст Рон Хорнбэкер у 2001 годзе. Для пачатку ён пакінуў 20 кніг з тлумачальнымі надпісамі ў холе свайго гатэлю. Праз паўгода на яго сайце было каля 300 актыўных карыстальнікаў, якія «адпускалі» кнігі і прыводзілі новых удзельнікаў.


Адзін з новых цэнтраў беларускага буккросынгу — кнігарня ў галерэі Ў. Фота Bookcrossing Belarus

У Менску ўсё пачалося прыкладна гады чатыры таму. У Цэнтральнай гарадзкой дзіцячай бібліятэцы на ўваходзе паставіла невялікі стол, які паступова стаў запаўняцца кнігамі. У куце паставілі шыльду — «Bookcrossing», і невялікае тлумачэньне:

«Дарагія чытачы! Кнігі, якія вы бачыце на гэтым стале, можна браць без запісу і пакінуць іх у сябе, альбо перадаць таму, каму вы пажадаеце. А калі ў вас ёсьць кнігі, якімі б вы хацелі падзяліцца зь іншымі, то можаце прыносіць іх сюды».

Сёньня ў дзіцячай бібліятэцы ўжо некалькі сталоў, прызначаных для буккросынгу. У абменным працэсе ўдзельнічаюць болей за 300 выданьняў.

Акрамя гэтага ў Беларусі існуе некалькі он-лайн пляцовак для буккросераў. Сайт абменаў mena.by (на ім, дарэчы, можна памяняць ня толькі кнігі), суполка Bookcrossing Belarus, а таксама блог « БУККРОССИНГ TUT». Ня варта таксама забывацца і на сусьветны сайт буккросынгу.

10 найбольш вядомых менскіх пляцовак, дзе можна заняцца буккросінгам:

  • Галерэя сучаснага мастацтваў «Ў», пр. Незалежнасьці, 37а;
  • Навуковая бібліятэка БНТУ, пр. Незалежнасьці, 65, левае крыло;
  • Навуковая бібліятэка БНТУ, Я. Коласа, 16, к. 301, чытальная заля № 14;
  • Цэнтральная гарадзкая дзіцячая бібліятэка ім. Астроўскага, пр. ім. газэты «Праўды», 20, 3 паверх;
  • Дзіцячая бібліятэка № 10, пр. Незалежнасьці, 123/3;
  • Дзіцячая бібліятэка № 14, Варвашэні, 11;
  • Паб-клюб «Графіці», г. Мінск, зав. Калініна, 16;
  • Офіс TUT.BY, В. Харужай, 1А, 6 паверх;
  • Кавярня «Лёндан», пр. Незалежнасьці, 18;
  • Сярэдняя агульнаадукацыйная школа № 178. вул. Усходняя, 68, гардэроб 5–6 клясаў.

І калі вы любіце свае кнігі, адпусьціце іх!

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0567 seconds.