Штраф да мільёну за парушэньне ўказу аб Інтэрнэце

Індывідуальныя прадпрымальнікі і юрыдычныя асобы будуць плаціць штрафы ў выпадку парушэньня скандальнага ўказу № 60 аб Інтэрнэце. Адпаведны законапраект знаходзіцца ў палаце прадстаўнікоў.

Паводле праекту закону, індывідуальныя прадпрымальнікі і юрыдычныя асобы будуць вымушаныя плаціць штрафы ад 10 да 30 базавых велічыняў (ці ад 350 да 1 050 тысячаў рублёў) за парушэньне патрабаваньняў указу № 60. Указ вымушае беларускія кампаніі працаваць толькі з сайтамі і сыстэмамі, зарэгістраванымі ў Беларусі.

Пакараюць ІП ці юрасобы тады, калі яны будуць выкарыстоўваць інфармацыйныя сеткі, сыстэмы і рэсурсы, разьмешчаныя за мяжой і (або) не зарэгістраваныя ў нашай краіне. Аб гэтым паведаміла БелТА.

Штраф плянуецца спаганяць таксама ў тым выпадку, калі кампаніі адмовяцца праводзіць ідэнтыфікацыю інтэрнэт-карыстальнікаў, улічваць і захоўваць пэрсанальныя іх дадзеныя, а таксама аб аказаных інтэрнэт-паслугах.

Аштрафаваць правайдэраў таксама могуць за адмову ад абмежаваньня доступу карыстальнікаў да сайтаў, забароненых у Беларусі.

Адпаведныя папраўкі ў заканадаўства ў першым чытаньні плянуецца прыняць 4 красавіка.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0615 seconds.