Кожны 11-ы выпускнік пазьбег разьмеркаваньня ў 2010 годзе


Колькасьць выпускнікоў (у тысячах чалавек), якія даехалі да першага месца працы ў розныя гады. Паводле дадзеных Галоўнага інфармацыйна-аналітычнага цэнтру Міністэрства адукацыі

Болей за 3 тысячы выпускнікоў з 21 тысячы, што мусілі быць разьмеркаванымі ў мінулым годзе, здолелі гэтага пазьбегнуць. Пры гэтым 15% менскіх выпускнікоў-бюджэтнікаў атрымалі права на вольнае працаўладкаваньне. Самым папулярным «адкосам» ад разьмеркаваньня стала паступленьне ў магістратуру. Самым незайздросным — служба ў войску. І толькі 69 чалавек проста не прыйшлі на першае месца працы: цяпер ім пагражае суд.

Паводле дадзеных Галоўнага інфармацыйна-аналітычнага цэнтру Міністэрства адукацыі, лягчэй за ўсё застацца без прымусовага разьмеркаваньня студэнтам Магілёўскай вобласьці: там кожны пяты выпускнік ня быў працаўладкаваны сваёй ВНУ. На другім месцы Менск — 15% альбо «адкасілі» ад разьмеркаваньня, альбо ім не знайшлі першага месца працы.

Найбольш папулярны мэтад сысьці ад разьмеркаваньня — працягнуць навучаньне. Так зрабіла трэцяя частка неразьмеркаваных студэнтаў. Яшчэ 670 чалавек «адпрацоўваюць у войску» (тэрміновая вайсковая служба — год пасьля ўнівэрсытэту — залічваецца за афіцыйную адпрацоўку).

Для 1265 выпускнікоў, якім мусіла прадставіць першае працоўнае месца, дзяржава ня выканала сваіх абяцаньняў, і былыя студэнты шукалі сваё першае месца працы пасьля ўнівэрсытэту самастойна. Гэта 6% ад усіх выпускнікоў — крыху меней, чым у мінулым годзе. Крызыс беларускіх прадпрыемстваў, мабыць, адступае.

А вось лёс 69 выпускнікоў Галоўны інфармацыйна-аналітычны цэнтр Міністэрства адукацыі не тлумачыць. Верагодна, яны проста не прыйшлі на першае месца працы. Пра такія выпадкі казаў у верасьні мінулага году і намесьнік міністра адукацыі Казімір Фарыно. Колькасьць «недаехаўшых» выпускнікоў амаль у два разы меней, чым у 2009 годзе, і нашмат меней за папярэднія гады.

Атрымліваецца, як мінімум 69 чалавек паставілі сябе пад пагрозу крымінальнай справы. Штогод па выніках такіх спраў суд абавязвае выпускнікоў сплочваць дзесяткі мільёнаў рублёў у якасьці вяртаньня сродкаў, «затрачаных на падрыхтоўку маладога спэцыяліста». Напрыклад, у 2007 годзе Міністэрства адукацыі ініцыявала 65 крымінальных справаў супраць выпускнікоў ВНУ па фактах непрыбыцьця на месца разьмеркаваньня.

Кодэкс аб адукацыі, разьмеркаваньне

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0686 seconds.