Рэктар БДУ стаў тэлезоркай, а яго блог — кнігай скаргаў

Рэктар БДУ Сяргей Абламейка ўвайшоў у смак відэаблогерства і цяпер амаль штотыдзень зьвяртаецца да студэнтаў і сьвету з самых розных нагодаў. Студэнты адказваюць рэктару належным чынам.


Рэктар БДУ Сяргей Абламейка ў ролі блогера ў спартовым комплексе БДУ

Рэктар Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту стаў першым беларускім рэктарам-блогерам. За апошні месяц ён пасьпеў запісаць чатыры пасты ў відэаблогу, які даступны на сайце ўнівэрсытэту. Выглядае, што спадару Абламейку падабаецца быць у кадры.

З блогаў Абламейкі студэнты маглі даведацца аб тым, што ў пачатку 2011 году 116 супрацоўнікаў маладых БДУ атрымалі кватэры «па вельмі недарагім кошце». Казаў рэктар і аб схопленых на Плошчы студэнтах, і аб высокіх коштах за навучаньне, і аб суму, які ахутвае яго і ўнівэрсытэт без студэнтаў у час вакацый.

Затое апошняе відэа на афіцыйным сайце ўнівэрсытэту болей нагадвае рэпартаж з элемэнтамі рэаліці-шоў. У ім рэктар, пастаянна мяняючы касьцюмы і антураж, паўстаў у іміджы спартсмэна-камэнтатара ўнівэрсытэцкіх загарадных спаборніцтваў.

Паводле рэктара БДУ, ва ўнівэрсытэце вучыцца болей за 2 тысячы студэнтаў, што «прафэсійна займаюцца спортам у сэкцыях». Таксама рэктар абвясьціў пра пляны будаўніцтва крытага спартовага комплексу БДУ у Шчамысьліцы. Сканчаецца сюжэт дэманстрацыяй лыжных здольнасьцяў рэктара-блогера.

Але самае цікавае ў блогу — магчымасьць камэнтаваць прамовы рэктара (якія, праўда, папярэдне мадэруюцца). І, як бачна, Сяргей Абламейка чытае водгукі гледачоў, нават адказвае ім у наступных допісах. У выніку камэнтары пад першым зваротам рэктара сталі сапраўднай кнігай скаргаў студэнтаў БДУ: тыя пачалі «бунтаваць» з-за высокіх коштаў на навучаньне, адсутнасьці беларускамоўнай вэрсіі сайту і агульнай недарэчнасьці сыстэмы адукацыі. Некаторыя камэнтары атрымліваюць адказ ад непадпісанага ананіма.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0661 seconds.