Рэктар БДУ: адлічаць за Плошчу ня будзем

Рэктар БДУ Сяргей Абламейка заявіў у сваім новаствораным блогу, што за ўдзел у Плошчы студэнтаў адлічаць ня будуць. Арыштаваныя студэнты атрымаюць вымову — адпаведныя загады ўжо рыхтуюцца. Таксама Абламейка пракамэнтаваў рэкорднае падвышэньне платы за навучаньне на 26%.

«Мы ня будзем адлічаць студэнтаў за ўдзел у гэтым мітынгу, але за парушэньне правілаў унутранага распарадку студэнты будуць наказаныя», — заявіў рэктар Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, камэнтуючы ў блогу арышты студэнтаў БДУ 19 сьнежня.


Сяргей Абламейка цяпер відэаблогер

Сяргей Абламейка лічыць, што студэнты, якія былі арыштаваныя, парушылі правілы ўнутранага распарадку, а «за парушэньне ўнутранага распарадку мы заўжды абвяшчаем нейкія спагнаньні».

«Мы зараз праводзім аналіз, чаму і як студэнты там [на Плошчы] апынуліся». Паводле рэктара, ўжо падрыхтаваныя праекты загадаў аб пакараньні студэнтаў.

Паводле розных зьвестак, у выніку сьнежаньскіх пратэстаў у Менску былі затрыманыя ад 90 да 200 студэнтаў. Сярод арыштаваных студэнтаў большасьць з БДУ. Па дадзеных праваабаронцаў, мінімум трох менскіх студэнтаў ужо пасьпелі адлічыць «з-за Плошчы». Эўразьвяз абяцае фінансавую падтрымку адлічаным.

Першы беларускі рэктар-блогер

Сяргей Абламейка стаў першым беларускім рэктарам-блогерам. У яго відэа-блогу пакуль толькі два допісы (самы першы — віншаваньне з Новым годам).

У сёньняшнім «допісе» 54-гадовы матэматык бадзёра чытае па паперцы тэкст аб перавагах Кодэксу аб адукацыі, выбачаецца за падвышэньне кошту за навучаньне і настаўляе студэнтаў болей не хадзіць на несанкцыянаваныя мітынгі.

У адрозьненьні ад сваіх заходніх і нават усходніх калегаў, беларускія чыноўнікі ня надта паважаюць блогі. Тым цікавей назіраць за кожным высокапастаўленым беларускім блогерам. Пакуль у гэтай якасьці былі заўважаныя ў асноўным толькі прадстаўнікі сілавых структур. Таму рэктар Абламейка — мабыць адзіны беларускі блогер з вышэйшых колаў улады.

Рэктар паабяцаў кожныя два тыдні «дзяліцца сваімі ўражаньнямі, нешта цікавае распавядаць пра падзеі, якія прайшлі ў гэты час». Па словах Абламейкі, яму «вельмі цікава пачуць водгук, які можна пісаць у выглядзе лістоў і нейкім іншым чынам». Мабыць, рэктар ня быў праінфармаваны, што яго звароты можна камэнтаваць наўпрост на сайце ўнівэрсытэту. Праўда, камэнтары публікуюцца толькі пасьля праверкі мадэратарам.

Студэнты БДУ будуць плаціць на 26% болей

«Мы вельмі доўга лічылі, вельмі доўга думалі, бо не маглі не падвысіць плату за навучаньне», — так Сяргей Абламейка тлумачыў рэкорднае падвышэньне платы за навучаньне для студэнтаў БДУ. Цяпер студэнты некаторых факультэтаў будуць вымушаныя плаціць болей за 6 мільёнаў рублёў у год.

Па словах рэктара БДУ, падвышэньне платы за навучаньне — «гэта звычайнае нармальная зьява, якая заўжды адбываецца пры падвышэньні стаўкі першага разраду». БДУ падвысіў плату ўжо са сьнежня, але абвясьціў пра гэта толькі цяпер. Некаторым студэнтам прыйдзецца даплочваць у гэтым годзе да 860 тысячаў.

Рэктар назваў цяперашняе падвышэньне «нязначным».

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0595 seconds.