Гарадзенскага студэнта прысудзілі да выплаты $1 400 за абразу міліцыянта на форуме

У студзені 2010 году 22-гадовы студэнт Гарадзенскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту залез на інтэрнэт-форум і выказаў звычайную крыўду на супрацоўнікаў ДАІ за несправядлівы, на яго думку, штраф, выпісаны яго бацьку. Крыўду пабачылі ў міліцыі, студэнт быў вылічаны, а справа паступова дайшла да суду.

Як піша «Міліцэйскі весьнік», малады чалавек «на гарадзенскім форуме, не саромеючыся ў выразах, выказаў свой пункт гледжаньня» на штраф (40 тысячаў рублёў), які напярэдадні атрымаў яго бацька за парушэньне правілаў дарожнага руху. Паводле газэты (паведамленьне форуму было хутка выдаленае, пасьля таго, як яго пачыталі ў міліцыі), студэнт «разважаў аб наяўнасьці шэрага рэчыва ў супрацоўнікаў ДАІ, закрануў асобу афіцэра міліцыі, які вынес пакараньне, а ў канцы падвёў рысу з выкарыстаньнем нецэнзурнага выразу».

Калі паведамленьне пабачылі міліцыянты, яны зьвярнуліся ў падразьдзяленьне па раскрыцьці злачынстваў у сфэры высокіх тэхналёгій, якое вылічыла аўтара тэксту. На студэнта была заведзеная крымінальная справа па артыкуле «Абраза».

Справу перадалі ў суд, які палічыў інтэрнэт-форум сродкам масавай інфармацыі, а дзеяньні студэнта — наўмыснымі. Віна карыстальніка была цалкам прызнаная судом, і яму прысудзілі штраф у памеры 100 базавых велічынь. Яшчэ мільён рублёў ён будзе вымушаны выплаціць міліцыянту як «кампэнсацыю маральнай шкоды».

Нават Вярхоўны суд, да якога дабраўся студэнт, не пажадаў зьмяняць прыгавор. Цяпер студэнту прыйдзецца выкласьці зь кішэні амаль $1 400.

Нагадаем, на мінулым тыдні Міністар інфармацыі Беларусі Алег Праляскоўскі заявіў, што беларускіх сеціўных СМІ увогуле не існуе.

А як у іншых краінах?

Ва Ўкраіне 19 -гадовы карыстальнік чату адседзеў нядаўна 15 сутак арышту «за нецэнзурны выразы ў адрас іншых удзельнікаў чату».

У Францыі здарылася амаль такая ж гісторыя, як і ў нас. 19-гадовага маладога чалавека ўвогуле прыгаварылі да трох гадоў пазбаўленьня волі і 1.2 тысячам эўра штрафу за зьнявагу супрацоўнікаў паліцыі. Малады чалавек таксама парушыў правілы руху, пасьля чаго напісаў нешта пра паліцыю ў Facebook.

У Іране рэвалюцыйны суд прыгаварыў увосень 2010 г. блогера да 19 гадоў вязьніцы за супрацоўніцтва з «варожымі краінамі», распаўсюд прапаганды і зьнявагу рэлігійных дзеячаў.

Два гады таму расейскаму блогеру прысудзілі год умоўна за камэнтар у Livejournal. Хлопец напісаў надта эмацыйны камэнтар пра міліцыю ў аднаго з сваіх фрэнда­ў. Празь некалькі дзён была заведзеная крымінальная справа па артыкуле «распальваньне варожасьці ў дачыненьні пэўных сацыяльных груп».­­

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0729 seconds.