Hair Peace Salon у аддаленым доступе

Прадстаўнік брытанскай хвалі, менскі гурт Hair Peace Salon, бязвылазна засеў у студыі дзеля запісу альбому. Тым ня менш, іх музыка гучыць у Польшчы, а інтэрвію з гуртом выйшла ў кітайскім часопісе.


Здымак з прэзэнтацыі альбому In Tune Hair Peace Salon у лістападзе 2008.

Штогод у Польшчы адбываецца фэст «Pakrava. Dni Kultury Niezaleznej Bialorusi». Фэст складаецца зь літаратурных чытаньняў, музычных канцэртаў, кінапаказаў і выставаў.

Сёлета за музычную частку фэсту адказваў менскі электронны праект Vacuum Government, які апроч сваіх кампазыцыяў выканаў некалькі рэміксаў на песьні гурта Hair Peace Salon. Для выступу на фэсьце, музыкі Graf (Vacuumable) і World Government, вырашылі аб’яднаць высілкі, у выніку чаго й утварыўся праект Vacuum Government. У рамках фэсту яны выступілі на пляцоўках Познані і Ольштына.

Распавядаюць музыкі Vacuum Government: «Нам вельмі спадабалася працаваць з музычным матэрыялам Hair Peace Salon і мы вырашылі ўключыць рэміксы на песьні „Rolz’n’Rulz“ і „Happy for a While“ у свае жывыя выступы. Слухач у Польшчы нядрэнна ўспрыняў нашу праграму, а пасьля выкананьня рэміксаў мы зрывалі буру аплядысмэнтаў. Мы прывезьлі адтуль ня толькі водгукі захапленьня ад польскіх мэляманаў, але й запрашэньне для гурта Hair Peace Salon адыграць канцэрты ў польскіх клюбах».

А паралельна з гэтым, у кітайскім музычным часопісе «So rock! Magazine» зьявілася інтэрвію з гуртом Hair Peace Salon. Распавядаюць музыкі Hair Peace Salon:

«Гэта самая звычайная гісторыя пра „сяброўства народаў“. Нашыя канцэрты заўжды прыцягваюць шмат замежнай публікі, а са зьяўленьнем у гурце новага бубнача Вовы Агаяна ў кола нашых слухачоў уліліся яшчэ кітайцы, японцы і карэйцы. Вова добра вядомы ў колах замежных студэнтаў як аматар усходняй культуры. А ім, у сваю чаргу, настолькі ўпадабалася музыка Hair Peace Salon, што разьехаўшыся па сваіх краінах, яны стварылі ў сваіх нацыянальных сацыяльных сетках старонкі пра наш гурт. Такім чынам, намі зацікавіўся кітайскі часопіс пра музыку „So rock! Magazine“. У перапісцы яны і прапанавалі зрабіць матэрыял пра Hair Peace Salon».

Зацікаўленых бліжэй пазнаёміцца зь цікавосткамі ўдзелу Vacuum Government у фэсьце «Pakrava. Dni Kultury Niezaleznej Bialorusi» у Польшчы і пачытаць Hair Peace Salon для кітайскага часопіса гурт запрашае на свой сайт.

На дадзены момант Hair Peace Salon займаецца аблічбоўваньнем сваёй музыкі ў студыі гукапісу, ды, працягваючы практыку «аддаленых бескантактных камунікацый» з мэляманамі, выступіць з on-line канцэртам. Каб патрапіць на гэты канцэрт, ня трэба купляць квіток, дастаткова далучыцца да эфіру ў пятніцу 3-га сьнежня ў 16.00 на партале tut.by.

09:00, 29/11/2010 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0585 seconds.