Адменены праз канфлікт з АНТ канцэрт «J:морс» усё ж адбудзецца

Заплянаваны на 11 сьнежня канцэрт гурта «J:морс» у Палацы Спорту не адбудзецца. Замест яго ў Палацы пройдзе загадкавае спартовае мерапрыемства. У гэты ж дзень у «Мінск-Арэне» будзе запісвацца фінальны канцэрт АНТ з сэрыі «Беларусь — гэта мы!». Фронтмэн «J:морс» Уладзімір Пугач зьвязвае адмену канцэрта, «квіткі на які добра прадаваліся», з адмовай гурта ўдзельнічаць у мерапрыемствах АНТ.


Уладзімір Пугач на вялікім канцэрце «J:морс» у КЗ «Мінск» увесну гэтага году

11 сьнежня гурт «J:морс» зьбіраўся прадставіць новы альбом «Электричество» ў менскім Палацы Спорту. За тры тыдні да канцэрту знайсьці квіткі на танцпляц ужо было складана. Аднак за 17 дзён да канцэрту стала вядома, што ён хутчэй за ўсё не адбудзецца.

Вось як камэнтуе лідэр гурту Ўладзімер Пугач падзеі, якія апошнім часам адбываюцца вакол «J:морс»:

«У Палац спорту патэлефанавалі зьверху і парэкамэндавалі не праводзіць 11 сьнежня канцэрт „J:морс“.

Кіраўніцтва палаца, будучы людзьмі разумным, сталі цікавіцца, навошта адмяняць канцэрт артыста, квіткі на які добра прадаюцца. Людзі скардзяцца, што ў касах ужо няма квіткоў на танцпляц… І мне стала цікава)))). І высьветлілася, што ў гэты ж дзень, 11 сьнежня, АНТ праводзіць свой фінальны канцэрт „Беларусь — гэта мы!“ ў Мінск-Арэне».

Паводле допісу Пугача, яшчэ месяц таму гурт адмовіўся ўдзельнічаць у сэрыі канцэртаў АНТ, спаслаўшыся на шчыльнасьць графіку. На думку музыкі, з-за гэтага гурт з часам зьнялі з эфіру канала. А скончылася гісторыя адменай буйнейшай прэзэнтацыі, якая мусіла адбывацца за 8 дзён да прэзыдэнцкіх выбараў.

АНТ абвінавачаньні адкідае:

«Усе канцэрты, якія праходзілі ў абласьцях у межах праекту „Беларусь — гэта мы!“ з посьпехам адбыліся і без „J:морс“. Мы не пацярпелі ні якасна, ні колькасна. Так што няхай таварыш Пугач не малююецца, што ён вельмі вялікі і безь яго не маглі абысьціся, — распавёў „Камсамольскай праўдзе“ кіраўнік канала АНТ Рыгор Кісель. — Што датычыцца адмены канцэрту — чытайце нарматыўныя дакумэнты. І даведаецеся, хто выдае дазвол на канцэрт, і як гэта адбываецца. Мы да гэтага ніякага дачыненьня ня маем. Мы — тэлеканал і не займаемся гастрольна-канцэртнай дзейнасьцю калектываў».

У Палацы спорту журналістам сказалі, што канцэрт адменены ў сувязі з падрыхтоўкай да эўрапейскага кубку па валейболу. Фанатам у касах Палацу кажуць проста: канцэрт адменены «ў сувязі зь нейкім спартовым мерапрыемствам».

Допіс у блогу Ўладзімер Пугача сканчаецца такімі словамі:

«ЗА-ДРА-ЛО!!!!! ДАЙТЕ ПРОСТО СПОКОЙНО РАБОТАТЬ».

Адноўлена 26.11.2010:

Пасьля розгаласу ў Сеціве, меней чым за суткі кіраўніцтва Палацу спорту ўсё ж знайшло спосаб правесьці і спартовы турнір і канцэрт «J:морс» у адзін дзень 11 сьнежня. Такім чынам выступ гурта адбудзецца там жа і ў той жа час, як было заяўлена ў афішах.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0612 seconds.