Беларускія IT-кампаніі «галадаюць» па праграмістах

Па словах кіраўніка Парку высокіх тэхналёгій у беларускім IT-сэктары занята менш за паўпрацэнта працаздольнага насельніцтва. Хаця патэнцыял у чатыры-пяць разоў вышэйшы. Цяпер у ПВТ 2 з 5 вакансій застаюцца вольнымі, хаця зарплата ў гэтым сэктары ў тры разы вышэйшая за сярэднюю па краіне.

«На жаль, сёньня патрэбы нашых кампаній-рэзыдэнтаў [Парку высокіх тэхналёгій] у спэцыялістах перавышаюць магчымасьці сыстэмы вышэйшай адукацыі», — заявіў у інтэрвію газэце «Рэспубліка» намесьнік дырэктара адміністрацыі ПВТ Аляксандр Марцінкевіч.

Паводле словаў спадара Марцінкевіча, кожны чацьвёрты выпускнік БДУІР у гэтым годзе быў разьмеркаваны ў ПВТ. Многія астатнія адправіліся на менш прэстыжныя і не так добра аплачваемыя пасады ў дзяржаўных прадпрыемствах. Па словах намесьніка дырэктара ПВТ, такая сытуацыя галіну не задавальняе, таму ПВТ прапануе Мінадукацыі павялічыць набор на адпаведныя спэцыяльнасьці ВНУ. Аднак міністэрства апасаецца, што ў выніку павялічэньня набору на IT-спэцыяльнасьці можа ўзьнікнуць надта шмат людзей з аднолькавым дыплёмам, якія нікому ня будуць патрэбныя.

Па словах спадара Марцінкевіча, цяпер у Беларусі каля 20 тысячаў чалавек працуе ў IT-галіне (па іншых дадзеных 25 тысячаў). Гэта каля 0.5% працаздольнага насельніцтва. У той жа час, на думку намесьніка дырэктара ПВТ, у беларускіх кампаніях, якія займаюцца высокімі тэхналёгіямі, маглі б працаваць каля 100 000 чалавек.

У гэтым годзе працу ў ПВТ атрымалі 800 чалавек, яшчэ паўтысячы вакансій кампаній, якія ўваходзяць у склад Парку, засталіся незанятымі: «усіх, хто хацеў і хто падыходзіў па кваліфікацыі, ўзялі», — кажа Аляксандр Марцінкевіч. Сярэдняя зарплата ў кампаніях ПВТ — $1 300.


Большасьць беларускіх праграмістаў належаць да пакаленьня Y

Адпаведна з травеньскім дасьледаваньнем dev.by, тыповы працаўнік беларускай сфэры IT — мужчына (92.5% ад агульнай колькасьці), які жыве ў Менску (86%), мае ўзрост да 25 гадоў і зусім невялікі працоўны стаж — каля трох гадоў. Па дадзеных Нацыянальнага статыстычнага камітэту, сярэдні заробак у гэтай сфэры саступае толькі зарплатам нафтавікоў ды шахцёраў.

На фоне такой вялікай патрэбы ў кадрах ужо зьявіліся прапановы аб перападрыхтоўцы спэцыялістаў зь іншых галінаў у праграмісты. Так, кампанія «БелХард», адна з буйнейшых у гэтай сфэры на Беларусі, у жніўні прадставіла праект, згодна зь якім прапануецца арганізаваць 300 тысячаў новых працоўных месцаў у гэтай сфэры, перш за ўсё дзякуючы перападрыхтоўцы бухгальтараў у праграмісты.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0623 seconds.