Мінадукацыі хоча ўвесьці дыплём эўрапейскага ўзору

Адным зь першых крокаў па далучэньні да Балоньскай сыстэмы стане ўвядзеньне ў Беларусі новага ўзору дыплёму аб вышэйшай адукацыі, які б супадаў з эўрапейскім. Распрацоўкай узору занятае цяпер Міністэрства адукацыі.


Кадр з мультфільму Васілёк

Як заявіў БелТА намесьнік міністра адукацыі Аляксандар Жук, у Беларусі распрацоўваецца дадатак да дыплёму аб вышэйшай адукацыі эўрапейскага ўзору. У ім будзе адлюстраваная інфармацыя аб колькасьці праслуханых гадзін, адзнаках і крэдытах, якія набраў студэнт за час свайго навучаньня. Увядзеньне новага варыянту дыплёму спрасьціць прызнаньне беларускай адукацыі за мяжой.

Паводле словаў намесьніка міністра, новы ўзор дыплёму Мінадукацыі спатрэбіўся з нагоды далучэньня да Балоньскай сыстэмы. Па яго словах, у выніку «гарманізацыі адукацыі з эўрапейскай» у беларускіх студэнтаў узьнікне магчымасьць выбіраць дысцыпліны для навучаньня паводле сыстэмы, якая дзейнічае зараз у большасьці краін ЭЗ.

«У пераходзе на сыстэму крэдытаў няма нічога звышцяжкага», — лічыць Аляксандар Жук, бо, па яго словах, Мінадукацыі даўна займаецца прывядзеньнем стандартаў беларускай у адпаведнасьці Балоньскім патрабаваньням.


Так выглядае ўкраінскі варыянт дыплёму аб вышэйшай адукацыі эўрапейскага ўзору, распрацаваны толькі ў гэтым годзе. Фота segodnya.ua

Нагадаем, што ў ліпені Аляксандр Лукашэнка нарэшце прыняў рашэньне аб далучэньні да адзінай адукацыйнай прасторы Эўропы — Балоньскага працэсу. Для гэтага патрэбна падаць заяўку і чакаць, пакуль экспэрты вывучаць беларускую сыстэму вышэйшай адукацыі. А ўнівэрсытэтам ужо зараз варта пачаць зьмяняць адукацыйныя стандарты і сыстэму, каб прывесьці яе ў адпаведнасьці з правіламі адзінай адукацыйнай прасторы.

Тыдзень таму кіраўнік упраўленьня міжнародных сувязяў БДУ Уладзімір Ціханаў заявіў, што іншага выбару, як далучаццца да Балоньскай прасторы, у Беларусі няма. Ён жа лічыць, што пакуль у БДУ сысэтама модуляў і крэдытаў існуе «толькі на паперы».

Беларусь застаецца адзінай краінай Эўропы, якая не зьяўляецца часткаю Балоньскага працэсу. У сакавіку 2010 у адзіную адукацыйную прастору Эўропы ўвайшоў Казахстан.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0586 seconds.