На Хэлоўін Менск накрые флэшмоб-хваля

«Менскі флэшмоб» плянуе зрабіць на Halloween 31 кастрычніка моб-хвалю па Менску. А калі быць дакладным, то 5 мобаў адзін за адным: зомбі на Камароўцы, баль нечысьці ў Парку Горкага, «мерцьвякі» на Кастрычніцкай ды іншыя страшылкі. Ніякай палітыкі, толькі сьвята, маскарад ды добры настрой — кажуць ініцыятары мобаў.

Halloween

Пачнецца хваля з акцыі «Зомбі» а 15.00 на Камароўскім рынку. Калі пабачыце страшненькіх людзей, якія будуць павольна цягацца там, мычаць нешта незразумелае пад нос ды яшчэ й выцягнуўшы рукі наперад — гэта яны, зомбі. Ініцыятары мобу толькі нагадваюць удзельнікам ні да каго не прыставаць і не пужаць (і тым болей не кусаць:), а толькі ўжыцца ў вобраз неадэкватнага зомбі, падмацаваўшы легенду адпаведным касьцюмам ды касмэтыкай.

Працяг пад умоўным назовам «Чорны анэкдот» пройдзе ля мэтро «Няміга». «Едучы туды распавядайце ў транспарце ці на вуліцы чорныя анэкдоты ды ўсяляк весяліце публіку. Вучыце жарты і радуйце людзей!» — заклікаюць менскія моберы.

Затым «зомбі» плянуюць кінуцца ў дзяцінства гульнёй у класікі. А там ужо й час для «Дэфіле», што пройдзе ў сквэрыку насупраць цэнтральнага Макдаку. Самае месца прадэманстраваць свой хэлоўінскі касьцюм. Рыхтуемся да імправізаванага подыюму для самых модных зомбі! А тыя, хто прыйшоў з параю, ці пасьпеў знайсьці сабе партнэра ў папярэднія гадзіны на першых мобах прымуць удзел у танцавальным «Балі нечысьці» ў парку Горкага. А як сьцямнее, пачнецца сапраўдны «Чумны Halloween» зь ляжачымі «мерцьвякамі» на Кастрычніцкай.

Цікава далучыцца? Рыхтуем касьцюм, чытаем расклад і парады ў суполцы Flashmob.Minsk.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0613 seconds.