БДУ ахапілі перайменаваньні

Насуперак чаканьням, вучоная рада Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту адмовілася ад перайменаваньня самага скандальнага і маладога факультэту ВНУ — Гуманітарнага. Затое новыя назвы атрымалі 14 катэдраў унівэрсытэту.

Па выніках паседжаньня рады БДУ, што адбылося 11 кастрычніка, назвы зьмянілі катэдры мэханіка-матэматычнага, фізычнага і геаграфічнага факультэтаў, а таксама факультэту прыкладной матэматыкі і інфарматыкі.


Фота Насты Сурба

У выніку ў назвах катэдраў вядучай ВНУ Беларусі зьявілася больш «кампутарных», «працэсарных» і «кібэрнэтычных» тэрмінаў, а на хімічным факультэце ўвогуле створаная новая катэдра — «электрахіміі».

Аднак галоўная інтрыга паседжаньня рады была зьвязаная з магчымай зьменай назвы самага маладога факультэту БДУ — Гуманітарнага, які ўтварыўся на аскепках скандальна зачыненага ў 2004 годзе Міжнароднага гуманітарнага інстытуту.

Нагадаем, Міжнародны гуманітарны інстытут адкрылі ў 1999 годзе пры Белдзяржунівэрсытэце. Яго фінансавалі замежныя партнэры, у тым ліку Ерусалімскі ўнівэрсытэт, што тлумачылася наяўнасьцю на факультэце адзінай у Беларусі катэдры юдаікі. Большасьць праграм міжнароднага абмену студэнтаў БДУ прасоўваў менавіта праз МГІ. Празь некалькі месяцаў пасьля закрыцьця Інстытуту паралельна з дыплёмамі Ерусалімскага ўнівэрсытэту дыплёмы БДУ мусілі атрымаць першыя выпускнікі.

Аднак МГІ, празь некалькі месяцаў пасьля сыходу з пасады рэктара БДУ Аляксандра Казуліна, быў зьліквідаваны загадам новага рэктара Стражава. Прычыны ліквідацыі Інстытуту дагэтуль ахутаная цемрай. Сярод галоўных называліся пагаршэньне беларуска-ізраільскіх дачыненьняў, спроба спрасьціць кантроль дзяржавы над вышэйшай адукацыяй і нават антысэмітызм у шэрагах чыноўнікаў Мінадукацыі.

Як паведамляла раней прэс-служба БДУ, пытаньне аб перайменаваньні факультэту было ўнесенае на разгляд вучонага савету ўнівэрсытэту. Аднак, у выніку, рашэньне не было прынятае. Паводле інфармацыі студэнцкіх актывістаў, «факультэт усё ж будзе перайменаваны да Новага году».

Цяпер на Гуманітарным факультэце навучаецца 1807 студэнтаў, якія вывучаюць самыя розныя спэцыяльнасьці: ад дызайну да сацыяльнай працы.

Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт абвясьціў нядаўна аб заснаваньні ва ўнівэрсытэце Цэнтру вывучэньня гісторыі і культуры габрэйства ў Беларусі

Каго як перайменавалі?

Факультэт прыкладной матэматыкі і інфарматыкі

  • катэдра інфармацыйнага і праграмна-матэматычнага забесьпячэньня аўтаматызаваных вытворчасьцей -> катэдра кампутэрных тэхналёгій і сыстэм;
  • катэдра матэматычнага забесьпячэньня электронна-матэматычных машын -> катэдра шматпрацэсарных сыстэм і сетак;
  • катэдра матэматычнага забесьпячэньня аўтаматызаваных сыстэм кіраваньня -> катэдра інфармацыйных сыстэм кіраваньня;
  • катэдра тэхналёгіі праграмаваньня -> катэдра тэхналёгій праграмаваньня.

Мэханіка-матэматычны факультэт

  • катэдра матэматычных мэтадаў тэорыі кіраваньня -> катэдра нелінейнага аналізу і аналітычнай эканомікі;
  • катэдра вышэйшай альгебры -> катэдра вышэйшай альгебры і абароны інфармацыі;
  • катэдра дыфэрэнцыяльных ураўненьняў -> катэдра дыфэрэнцыяльных ураўненьняў і сыстэмнага аналізу;
  • катэдра ураўненьняў матэматычнай фізыкі -> катэдра матэматычнай кібэрнэтыкі;
  • катэдра лікавых мэтадаў і праграміраваньня -> катэдра вэб-тэхналёгій і кампутарнага мадэляваньня.

Фізычны факультэт

  • катэдра тэарэтычнай фізыкі -> катэдра тэарэтычнай фізыкі і астрафізыкі;
  • катэдра мэтодыкі выкладаньня фізыкі і інфарматыкі -> катэдра кампутэрнага мадэляваньня;
  • катэдра атамнай фізыкі і фізычнай інфарматыкі -> катэдра фізычнай інфарматыкі і атамна-малекулярнай фізыкі.

Геаграфічны факультэт

  • катэдра глебазнаўства і геалёгіі -> катэдра глебазнаўства і зямельных інфармацыйных сыстэм;
  • катэдра фізычнай геаграфіі мацерыкоў і акіянаў і мэтодыкі выкладаньня геаграфіі -> катэдра фізычнай геаграфіі сьвету і адукацыйных тэхналёгій.
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0584 seconds.