На канцэрты Вайцюшкевіча не прадалі ніводнага квітка
У Кобрыне адмянілі два канцэрты Зьмітра Вайцюшкевіча. Выканаўца мусіў выступіць 17 верасьня для дзяцей зь дзіцячага садку, а пасьля абеду — для старэйшых школьнікаў. Рашэньне адмяніць канцэрты прыняла адміністрацыя ДК
Канцэрты мусілі прайсьці ў межах кампаніі «Будзьма беларусамі» і ладзіліся берасьцейскай прома-суполкай «Заля чаканьня». Кошт квіткоў складаў 5000 рублёў. На восень суполка мае пляны арганізаваць у вобласьці канцэрты «Слайдаў», Plum Bum, «Палацу», Віктара Шалкевіча ды іншых.
Пра адмену канцэртаў Вайцюшкевіча паведаміў кіраўнік суполкі Зьміцер Назараў, які цяпер задаецца ў цэлым пытаньнямі пра папулярызацыю беларускай культуры:
«Сумна, што нават за такія сьмешныя грошы не знайшліся людзі, якія жадаюць паслухаць такую музыку, сумна, што ніводныя бацькі не далі дзецям 5 000 руб. на дзіцячы канцэрт. Як зрабіць вядомымі беларускіх выканаўцаў у беларускіх умовах?»