«Бульбокс»: 23 хвіліны пра галоўнае

Новы сэзон ужо ў разгары, вось і Міхаіл Зуй са Зьміцерам Есяневічам усё больш і больш актыўна выпытваюць і выведваюць, а новыя госьці тэлеперадачы, здаецца, толькі радыя. «Мы — за ляканічнасьць, таму бліжэй да справы. У наступных выпусках вы ўбачыце…» — распавядаюць пра новы сэзон стваральнікі «Бульбоксу».

«Няма Лэдзі Гага ў сваёй айчыне». Ці мае патрэбу ніша «сьветлых выяў» у поп-музыцы ў падсілкаваньні новымі (ці старымі) імёнамі, ці ж наша грамадзкасьць гатовая быць у шоку? Госьці нечакана сямейнага выпуску «Бульбокса»: экстраардынарная Цётка Лера і жарсткаваты Дзядзя Ваня.

«Гуцум і цугум» зь іх 8 паверхамі — гэта, вядома, добра, але «Дзе купіць адзежу беларускіх мадэльераў?». На жаль, закон пра рэкляму не дазваляе нам пусьціцца ва ўсе падрабязнасьці, неабходныя Народу, але затое мы пазналі яшчэ сёе-тое пра фэшн-індустрыю ў Беларусі і посьпехі нашых дызайнэраў. У гасьцях: малады мадэльер Тацяна Марыніч і фэшн-журналістка Вікторыя Навумава.

З тых часоў як фатаграфаваць можна ледзь ці не прасамі, а самі малюначкі можна адфаташопіць да непазнавальнасьці, разгарэлася шмат спрэчак пра тое, «Якая наогул розьніца паміж фатографам-аматарам і прафэсіяналам?» Колькі прафэсіяналаў вырастае з адмысловых навучальных курсаў? У чым бяда беларускай фатаграфіі наогул? Якую ролю грае тут інтэрнэт? Распавядалі: фатографы Ягор Войнаў і Ўладзімір Парфянок.

Глядзіце нас на 8-м канале кожную пятніцу ў 19:00, з паўторамі ў нядзелю ў 17:30, і аўторак у 23:15. А на нашым сайце www.bulbox.tv заўсёды ёсьць яшчэ і ўсе папярэднія выпускі, фота, апытаньне і нешта яшчэ.

18:40, 14/09/2010 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0592 seconds.