У Менску затрымліваюць людзей з падушкамі

Бітва падушкамі, дазвол на якую адмовіліся даць менскія ўлады, пачалася з масавых затрыманьняў. Арганізатар акцыі Андрэй Кім кажа аб «некалькіх міліцэйскіх аўтобусах з удзельнікамі акцыі». Але, нягледзячы на затрыманьні, бойка падушкамі ўсё ж такі распачалася.

Каля 5 тысячаў чалавек зьбіраліся 15 ліпеня адзначыць 600-годзьдзе Грунвальдзкай бітвы «незвычайным мерапрыемствам з элемэнтамі баёў з падушкамі». Нягледзячы на забарону на правядзеньне акцыі яе арганізатары заклікалі моладзь зьбірацца ля Нацыянальнай бібліятэкі.

Аднак на месцы яшчэ за гадзіну да пачатку акцыі міліцыя правярала заплечнікі маладых людзей, шукаючы ў іх падушкі. Тых, хто мелі такі атрыбут бойкі, адводзілі ў міліцэйскія аўтобусы.

Як паведамляе «Наша Ніва», каля 70 чалавек у выніку апынуліся ў Першамайскім РУУС. Там у затрыманых бяруць адбіткі пальцаў, некаторых адпускаюць.

Тым часам на старонцы, прысьвечанай бойцы падушкамі у сацыяльнай сетцы Vkontakte, моладзь пачала вызначаць новае месца збору. Сьцяна «сустрэчы», на якую абяцалі прыйсьці болей за 5 000 чалавек, абнаўлялася літаральна кожную хвіліну.

На дзеяньні міліцыі большасьць рэагавала разгублена: «Э че делать?))», «всё так серьезно?(», і нават «а мы их подушками;-))))))))».

У выніку арганізатар акцыі Андрэй Кім паспрабаваў наноў арганізаваць байцоў, зьвярнуўшыся да тых, хто да бібліятэкі не дабраўся і тусаваўся ля выхаду з мэтро «Усход»: «Зараз сюды едзе столькі людзей, што ў іх ня хопіць аўтобусаў, каб нас усіх пазабіраць».

Пасьля гэтага каля 300 чалавек адышлі ад выхаду з мэтро, дзе і распачалі бойку падушкамі. Іх спыніў толькі дождж.

Усіх затрыманых, акрамя Андрэя Кіма, адпусьцілі ў той жа дзень. На наступны дзень Андрэй быў пакараны ў судзе штрафам у 17 500 рублёў.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1073 seconds.