Руся: «Рок-н-ролу беларускага больш няма»

Cherryvata на Be2gether

Толькі расклаўшы рэчы і яшчэ не пасьпеўшы дабегчы да адной з фэстывальных сцэнаў Be2gether, пачулі знаёмы голас. «Руся?», — падумала я. — Ня можа быць: як яна можа тут апынуцца?» Але адчуваньні не падманулі — сярод рознанацыянальных выступоўцаў фэсту разам зь менскім гуртом СherryVata сьпявала Руся. У спрыяльнай творчай атмасфэры фэстывалю рок-князёўна 2006 году распавяла пра лёс Indiga, беларускага року і ўласныя новыя этна і джазавыя праекты.

Даўшы агульныя каментары СТВ ў складзе гурту CherryVata, Руся натхнёна распавядае мне пра сябе сучасную:

«Я падумала, што час ідзе, і хопіць губляць яго толькі на працу і на нейкія рэчы, якія не прыносяць ніякага кайфу, акрамя грошаў. Таму я спыніла ўсе свае працоўныя праекты, і вырашыла больш праводзіць часу адпаведна сваім жаданьням і намаганьням».

Руся скарыла сэрцы музычных аматараў у складзе гурта Indiga, створанага ў 2002 і выпусьціўшага пасьпяховы альбом, сынгл, шэраг трэкаў для супольных складанак ды заваяваўшага перамогу на фэстывалі «Басовішча». У 2006 годзе Руся атрымала статус рок-князёўны на дзесятай «Рок-каранацыі». Аднак другога альбому гурта прыхільнікі не дачакаліся. Так «скончылася» Indiga.

«Кожны гурт мае свой тэрмін годнасьці. У нас былі свае канфлікты і цяжкасьці, якія мы не змаглі пераадолець. Вось і ўсё. І пытаньне так і стала. Я тады ўжо адчувала, што вось-вось і скончыцца эра рок-н-ролу беларускамоўнага. Усё відавочна: рок-н-ролу беларускага больш няма. І я не магла вырашыць, куды мне далей пайсьці: у джаз ці ў этніку, бо мне падабаўся і той стыль, і другі. А тут зьявілася Akana, якая папрасіла проста падстрахаваць, бо ў іх сышла вакалістка. Тая ж самая гісторыя, як і ў CherryVata. У выніку ў Akanа так зацягнула, што ня ведаю нават, калі гэта і спыніцца. Спадзяюся, ніколі».

Цяпер Руся працуе ў асноўным у двух музычных праектах: этна-джазавая Akanа NHS (гурт распачаў вялікія экспэрымэнтальныя сайд-праекты) ды ньюджазавая CherryVata, супрацу зь якой сьпявачка апісвае як «падабаецца і паглядзім, што атрымаецца».

«Мне вельмі падабаецца nu juzz, гэтая эстэтыка, пераасэнсоўваньне джазу ў электронным варыянце, так што я атрымліваю вельмі шмат задавальненьня ад супрацы з гуртом. Ды й Indiga, на жаль, скончылася, і не хапала вось гэтага паху гастрольных бусікаў, калі адзін на адным сядзяць, і трэба недзе наруліць ежы, недзе знайсьці сабе месца паспаць. Я па гэтым, шчыра кажучы, сумую, а зараз гісторыя нібыта пачынаецца наноў. Спадзяюся, у CherryVata атрымаецца дасягнуць посьпеху».

Вандраваць Русі даводзіцца шмат — праца дазваляе будаваць уласны графік. Ужо амаль год дзяўчаты Akanа NHS супрацоўнічаюць са швэйцарцамі — прыгожыя «аканаўскія» галасы ў атачэньні джазавых швэйцарскіх музыкаў. Такім складам супольны праект рыхтуе ля 10 канцэртаў у Менску гэтай восеньню.

«Увогуле вельмі цікавае спалучэньне атрымалася: гэтыя млявыя швэйцарцы са сваіх Альпаў, сьнег, лянота і беларускія бабуліны песьні», — распавядае Руся ўражаньні з супольнай працы гэтай зімою ў Базэлі.

На чарзе ў музыкаў канцэрты ў Фінляндыі, а таксама ў Швэйцарыі, куды Руся плянуе прыехаць і з CherryVata.

«Мы гралі ў Піцеры канцэрт сольны і прыйшоў нейкі дзядзечка, уладальнік ньюджазавага клюбу ў Цюрыху і Боне. А мы выконвалі апошнюю песьню, якую ні я, ні бубнач ня ведалі, і давялося імправізаваць. Я не знайшла нічога лепшага, чым такія вакалізы этнічныя рабіць. І так класна атрымалася, што гэты дзядзька швэйцарац вочы вылупіў: «О які кайф, які кайф! Хачу вас запрасіць!»

Аднак на гэтым Руся не спыняецца і ўвесь вольны час аддае на музычныя экспэрымэнты: нядаўна запісаная супольная песьня з Hasta la Fillsta, ідзе супраца з дыджэем — праект у стылі deep house мае намер скарыць Нямеччыну, выношваецца супольны музычны нямецка-галяндзка-беларускі экспэрымэнт.

«Яшчэ спрабую зрабіць маленечкі сольны праект больш джазавы. Дзе браць грошы на жыцьцё — ня ведаю. Музыкі — во так во!» — усьміхаецца і характэрна паказвае рукою Руся.

А каб быць у форме і браць сілы на ўсе творчыя экспэрымэнты ды пошукі, Руся запісалася ў спорт-залю ды пайшла займацца вакалам, зьмяніўшы этнічную школу сьпеваў на акадэмічную, узяўшы ў выкладчыкі «моцнага і таленавітага» 60-гадовага опэрнага сьпевака, які навучаўся ў пецярбурскай кансэрваторыі.

«Я зразумела, што болей за ўсё на сьвеце хачу сьпяваць. Лічу, што лёс падараваў мне неблагі голас і не карыстацца ім будзе вельмі няправільна», — дадала Руся, адзначыўшы, што на Be2gether найперш чакае выступ хэдлайнэраў Skunk Anansie, а можа быць нават атрымаецца паразмаўляць са Skin: «Я яе вялікі фанат».

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0578 seconds.