Гурт «Дзецідзяцей» прыпыняе сваё існаваньне

«Гэтым летам гурт «Дзецідзяцей» вырашыў сысьці ў бестэрміновы адпачынак», — на сайце гурта днямі зьявілася паведамленьне пра тое, што калектыў фактычна прыпыняе сваё існаваньне. Ганна Хітрык пацьвердзіла Generation.by інфармацыю пра бестэрміновы адпачынак «Дзецідзяцей».

«Ведаючы, як моцна вы нас любіце, як верыце ў нас, адчуваючы да вас дакладна такія ж цёплыя і сьветлыя пачуцьці, мы просім вас аб разуменьні і цярпеньні.

Вам (як і нам) пакуль цяжка гэта прадставіць, але паверце: гэта сапраўды неабходна. Мы думаем аб вас, бясконца любячы і цэнячы ўсё, што вы для нас зрабілі і працягваеце рабіць.

Дзякуй… і.. усё будзе добра!» — зьвяртаецца гурт да сваіх прыхільнікаў.

У размове з Generation.by Ганна Хітрык пацьвердзіла, што гурт сапраўды сыходзіць у бестэрміновы адпачынак, у бліжэйшы час канцэртаў дакладна ня будзе, а пра далейшы лёс гурта пакуль казаць рана.

Гурт «Дзецідзяцей» утварыўся ў 2005 годзе з актораў Купалаўскага тэатру. У чэрвені 2006 года адбыўся першы канцэрт ДД. У 2007 у сьвет выйшаў першы альбом гурта пад назвай «Конверты для снов». У сакавіку 2008-га «Дзецідзяцей» выпусьцілі альбом «отЛично». Цягам наступных гадоў гурт вельмі актыўна выступаў на беларускіх і некаторых замежных пляцоўках.

Детидетей

Месяц таму «Дзецідзяцей» прэзэнтавалі свой першы беларускамоўны альбом «Рух» — канцэрт прайшоў пры поўным аншлягу 4 траўня на роднай для ўдзельнікаў гурта сцэне Купалаўскага тэатру.

Музыкі «Дзецідзяцей» таксама ўдзельнічаюць у іншых музычных праектах. Міша Зуй і Зьміцер Есяневіч граюць у адноўленым «Или-или», а Ганна Хітрык сьпявае ў нядаўна створаным праекце Рамана Арлова «У нескладовае».

vojur 14:09, 10/06/2010 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0624 seconds.