31 траўня «Цяжкі панядзелак» і начная беларускамоўная дыскатэка

Завітаць на канцэрт беларускіх гуртоў ды застацца на дыскатэку ў беларускамоўным фармаце запрашаюць у апошні дзень вясны арганізатары мерапрыемства «Цяжкі панядзелак».

31 траўня ў клюбе «Рэактар» адбудзецца ўнікальная музычная падзея «Цяжкі панядзелак» — вялікі канцэрт берасьцейскага гурта Sciana разам зь ня менш цікавымі калектывамі: PartyZone, Спрат, The FraiZ, EXIST-M. Цікавасьць і ўнікальнасьць мерапрыемства менавіта ў тым, што пасьля выступаў гуртоў усё ня скончыцца, а распачнецца «Першая народная беларуская дыскатэка». Усе прыхільнікі добрай беларускай музыкі змогуць працягнуць адпачынак на дыскатэцы.

Упершыню ў адным з галоўных клюбаў Беларусі ня толькі цэлы вечар, але і цэлую ноч будзе гучаць музыка толькі беларускіх гуртоў, праектаў і выканаўцаў.

«Гэтым мерапрыемствам мы хочам паказаць разнастайнасьць сучаснага музычнага жыцьця Беларусі. Праводзяцца шматлікія беларускамоўныя рок-фэстывалі, ня так даўно адбыўся першы беларускамоўны рэп-фэстываль, а чаму нельга паказаць моладзі, што і дыскатэкі можна рабіць цалкам зь беларускіх песень і, тым больш, беларускамоўных выканаўцаў. Усё рэальна, бо кожны дзень зьяўляюцца новыя цікавыя і непаўторныя гурты і праекты, песьні якіх добра пасуюць як для радыё эфіру, так і для дыскатэкі», — зазначыў аўтар ідэі і галоўны арганізатар Віталь Супрановіч.

«Мне здаецца, што гэта добрая нагода проста паслухаць добрую музыку, папіць піва зь сябрамі ды сустрэць музычнае лета. Тым больш, што зараз, нягледзячы на добрае надвор’е, на вуліцы так проста зь півам і сябрамі ўжо не пасядзіш. Ды і кошты квіткоў для сталіцы проста сьмешныя», — зазначыў дырэктар гурта Sciana ды адзін з арганізатараў мерапрыемства Зьміцер Назараў.

Кошт агульнага квітка на канцэрт і дыскатэку ўсяго 10 тысяч перад і 15 тысяч у дзень мерапрыемства, такім чынам наведвальнікі атрымаюць магчымасьць таньчыць пад лепшую музыку Беларусі ўсю ноч.

Паколькі дыскатэка народная, то яе арганізатары прапануюць ўсім жадаючым дапамагчы сфармаваць трэкліст мерапрыемства з тых песень, якія яны хочуць пачуць на дыскатэцы. Для гэтага сваю прапанову трэба пакінуць у адмыслова створанай суполцы мерапрыемства.

  • 31 траўня, 18.00 — 05.00
  • Клюб «Рэактар», Менск, вул. В. Харужай, д. 29
  • «Цяжкі панядзелак» + «Першая народная беларуская дыскатэка»
  • Кошт: 10–15 тысяч
  • Даведкі: 80297828881, 80296490888
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0619 seconds.