«Басовішча-2010»: Агляд канкурсантаў з Польшчы — гурты Beton і Zagok

На конкурс фэстывалю музыкі маладой Беларусі «Басовішча-2010» апроч беларускіх гуртоў пададзена і дзьве заяўкі з Польшчы. Басовішча ўжо ў 21-ы раз пройдзе на Беласточчыне і арганізуецца этнічнымі беларусамі ў Польшчы — польскімі студэнтамі, якія вызнаюць сябе беларусамі. Абодва маладыя гурты ў конкурсе — Beton і Zagok — сьпяваюць па-беларуску і стварыліся пад уплывам Басовішча.

Beton

Гайнаўка / 2009 / лірычнае тэхна, псыхадэлік-дыска-панк / Ларысе (mp3)


Гурт Beton плянуе ўзрушыць і ўскалыхнуць грамадзтва. Каманда паўстала ў выніку аб’яднаньня творчых пошуках чатырох маладых творцаў з Падляшша. Гурт прагне даказаць усяму сьвету, што тэхна можа быць лірычным, але грунтуе сваю творчасьць ня толькі на ім. «Пранікнёны, пачуцьцёвы і з добрым густам музычны аматар знойдзе ў ёй тое, што шукаў усё жыцьцё», — адзначае Beton. Тэксты (па-беларуску і па-польску) і музыку ўдзельнікі гурта пішуць самі, найчасьцей, на радасьць суседзяў, паміж першай і пятай гадзінамі дня.

«Выступім на Басовішчы ўпершыню. Але раней шмат год прыяжджалі на фэст пабачыць зорак беларускай сцэны. Хочам падзяліцца з усімі нашай музыкай. Можна сказаць, што песьні да Басовішча доўга сядзелі ў нашых галовах і нарэшце пабачаць сьвет. Прапануем паслухаць адзін з нашых трэкаў „Ларысе“ — на словы Ларысы Геніюш».

Zagok

Гарадок / 2008 / альтэрнатыўны рок / Як птушка (mp3)


Гурт Zagok нарадзіўся на «Басовішчы» — хлопцы самі з Гарадку, дзе штогод ладзіцца фэстываль ды й пра час стварэньня калектыву гавораць: «Стварыліся на другі дзень Басовішча-2008». Такая ідэя аб’яднала Грэся і Лукаша, празь месяц знайшоўся басіст Себасьцьян, а вось адпаведнага бубнача доўга не маглі знасьці і ўрэшце пайшлі ў «электроніку». «Цяжка сказаць, які стыль музыкі мы цяпер граем, але разам з тэкстамі яна выражае нашы думкі і пачуцьці».

«На Басовішчы яшчэ ні разу ня выступалі. Спадзяемся зрабіць вялікі крок наперад, набрацца вопыту. Будзем радыя прэзэнтаваць шаноўнай публіцы наш гурт. Мы беларусы, сьпяваем па-беларуску, а ўдзел у Басовішчы — гэта спраўджаньне нашай мары».

Усяго на конкурс Басовішча-2010 пададзена 20 заявак ад маладых гуртоў, 18 зь іх — зь Беларусі. Цяпер працу з заяўкамі працягне журы фэстывалю, якое абярэ каля 6 гуртоў для ўдзелу ў фінальнай частцы конкурсу — на сцэне «Басовішча» ў Польшчы 16-17 ліпеня. Хэдлайнэрам фэсту выступіць гурт «Ляпіс Трубяцкой», які наведае фэст упершыню. 

Generation.bY традыцыйна зьяўляецца інфармацыйным партнэрам «Басовішча». Падрабязьней пра навіны фэсту — у адмысловым разьдзеле bas.generation.by.

tarka 15:00, 24/05/2010 | Басовішча |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0609 seconds.