Заяўкі на конкурс «Басовішча-2010»: гурты Akropal, Dа!Бл… і Sprat

Застаецца тры дні да заканчэньня прыёму заявак ад маладых гуртоў для ўдзелу ў конкурснай частцы фэстывалю «Басовішча». Generation.by працягвае агляд гуртоў, якія сёлета паспрабуюць свае сілы ў змаганьні за галоўныя прызы фэсту 16-17 ліпеня ў Гарадку (Польшча). Інфармацыя, mp3, амбіцыі на перамогу – у аглядзе яшчэ трох гуртоў, чые заяўкі арганізатары фэсту прынялі на конкурс: гурты Akropal, Dа!Бл… і Sprat.

Фэстываль музыкі маладой Беларусі пройдзе ў 21-ы раз, у гэтым годзе з традыцыйнаю конкурснаю часткаю, у межах якой гурты пазмагаюцца за галоўныя прызы фэсту.

Кожны з гуртоў, чыю заяўку прынялі для разгляду ў межах конкурсу арганізатары Басовішча-2010, адказаў Generation.by на тры пытаньні: ці бываў на Басовішчы раней, якія спадзевы на ўдзел і ці даводзіцца рэдагаваць праграму адмыслова пад конкурс. Таксама дадаем агульную інфармацыю пра канкурсантаў, mp3 выкладаюцца за згоды выканаўцаў.

Akropal

Смалявічы / 2001 / rock, alternative / Апошні крок (mp3)

Akropal

Першая праграма гурта «Фабрика мягких игрушек» была напісаная яшчэ ў 1994 годзе. Першапачаткова Акропаль задумваўся як арт-калектыў — музыка мусіла спалучацца з тэатральнымі пастаноўкамі на сцэне. Другая праграма «В двух шагах от жизни» пабачыла сьвет у 2004 годзе. Праца 2007 году — «Дзе вы згубiлi мяне» — канцэптуальная праграма з новым для Акрополя падыходам і добрым гукам. Далей пайшлі фэстывалі «Рыбка» (Карэлія), «Ноч ваўкалака», «Рок-кола», «Рок-каляды», «Live in rock», «Свабода», «Басовiшча» ды іншыя. Зараз гурт працуе над новым альбомам.

«Akropal прымаў удзел у конкурсе Басовiшча-2008. Уражаньні самыя лепшыя - сапраўдны фэст! Спадзяемся прыняць удзел i ў гэтых „Басах“. Нам не даводзiцца карэктаваць свае творы. Пэрыяд экспэрымэнтаў пачаўся на пастаноўцы „Фабрики мягких игрушек“ i працягваўся да праграмы „В двух шагах от жизни“. Альбом „Дзе вы згубiлi мяне“ быў запiсаны асэнсавана на роднай мове, пасьля гурт пачаў актыўней працаваць у гэтым кірунку. У хуткiм часе мы прапануем больш сталую праграму „?“, дзе будуць такiя кампазыцыi як „Апошнi крок“, „Лiчбавая вясна“, „Смалявiчы city“, „Час зьнiкненьня мар“ i iнш».

Da!Бл...

Нарач / 2003 / панк, гранж, постгранж / Параноя (mp3)

Da!Бл...

Гурт заснаваны ў 2003 годзе ў вёсцы Нарач (Кабыльнік) Мядзельскага раёну. Каманда складаецца з трох чалавек: Віктар Мароз (тэксты, музыка, вакал, гітара), Зьміцер Харук (бас) і Ўладзімір Баркоўскі (бубны). У 2007-м выйшаў самвыдатаўскі альбом «Пачвара», а ў 2008-м гурт узяў два галоўныя прызы на фэстывалі ў Полацку «Ноч ваўкалака» — прыз глядацкіх сымпатыяў і гран-пры.

«На „Басовішчы“ быў толькі адзін з нас — у 2007-м Віктар Мароз езьдзіў як глядач. Уражаньні ў самых насычаных колерах вясёлкі! Склад выступоўцаў у той год быў проста сакрушальны… Ну і, канешне, атмасфэра фэсту — гэта нешта! У конкурсе спадзяемся на перамогу! Ну, а калі і не (калі які-небудзь форс-мажор:)), то зайграць на сцэне Басоў — гэта ўжо вельмі прыемна, і запамінальна на ўсё жыцьцё! Праграма ж у нас знаходзіцца на баявым пагатове, сьпяваем мы з самага пачатку толькі па-беларуску. Напэўна, больш за ўсё складана адабраць з 2,5 гадзінаў праграмы колькі песень кшталту бэст оф зэ бэст:)»

Sprat

Берасьце / 2007 / рок / Казачныя сны (mp3)

Спрат
Выступ «Спрат» у менскім «Рэактары» ў сьнежні 2008-га на прэзэнтацыі перавыданьня першага альбому гурта B:N «Не трывай». Аўтар фота: Юра Сідун.

Першым значным вынiкам творчасьцi гурта беларускамоўнага «Спрату» стала выданьне на пачатку 2007 году дэбютнай кружэлкi пад назвай «Не чакай». А ў 2009-м выйшаў міні-альбом «На плынях вясны». Стылiстыку калектыву вызначыць ня надта лёгка, у музыцы прысутнiчаюць у розных прапорцыях i яскравыя цяжкiя рыфы, i мэлядычна-прывабны рок, i грандж, і фолькавыя матывы — такі своесаблівы кантры-кор:) Падчас сваiх выступаў гурт iмкнецца да выразнага i якаснага, рашучага ды магутна-шчыльнага альтэрнатыўнага гучаньня, не пазбаўленага таксама як душэўнасьцi ды шчырай сэнтымэнтальнасьцi, так i адмысловай жартаўлівасьці.

«Раней у Басовішчы мы ня ўдзельнічалі, але ў гэтым годзе вырашылі падаць заяўку, бо нам ёсьць што паказаць наведвальнікам сёлетніх Басоў. Што мы чакаем ад удзелу? Улічваючы магчымасьці рэклямы „нефарматнага“ калектыву ў Беларусі, галоўнае — гэта магчымасьць паказаць сваю творчасьць шматлікай аўдыторыі і вынесьці яе на суд журы. Мы вызначыліся з напрамкам сваёй працы, вызначыліся з сваім асабістым гучаньнем і можам упэўнена пазмагацца ў конкурсе. Зусім нядаўна запісалі міні-альбом „На плынях вясны“ і прапануем паслухаць адну з песень гэтай кружэлкі — „Казачныя сны“».

Арганізатары фэстывалю — сябры «Беларускага аб’яднаньня студэнтаў» у Польшчы — прымаюць заяўкі на конкурс «Басовішча-2010» па 15 траўня 2010 году. З дасланых на конкурс заявак 6 гуртоў прымуць удзел у фэстывалі, дзе кожны выканае 20-хвілінную праграму на сцэне «Басовішча». З умовамі ўдзелу ў конкурсе і формай заяўкі можна пазнаёміцца ў адмысловай публікацыі.

Generation.bY традыцыйна зьяўляецца інфармацыйным партнэрам «Басовішча». Падрабязьней пра навіны фэсту — у адмысловым разьдзеле bas.generation.by.

tarka 15:30, 13/05/2010 | Басовішча |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0624 seconds.