Фарыно прапанаваў стварыць адзіны падручнік па гісторыі краін СНД

Аднак беларуская ідэя аб стварэньні адзінага падручніка па гісторыі ня надта падабаецца міністрам адукацыі краін Садружнасьці.

Неабходнасьць стварэньня адзінага падручніка намесьнік міністра адукацыі Беларусі патлумачыў існаваньнем у сучасных падручніках па гісторыі краін СНД разыходжаньняў па палітычных, ідэалягічных, эканамічных і кіраўніцкіх пытаньнях. На думку Фарыно, над падручнікам мусіць працаваць вялікі аўтарскі калектыў, у які ўвойдуць гісторыкі і палітыкі розных краін.

Як перадае РИА Новости, па пляну Фарыно, спачатку мусіць быць створаны падручнік для 10–11 клясаў, а пасьля яго апрабацыі, будзе напісаны падручнік для 5–9 клясаў.

Расейскі намесьнік міністра адукацыі асаблівай патрэбы ў супольным школьным падручніку ня бачыць. Замест падручніка для вучняў, на думку прадстаўніка Расеі, варта стварыць падручнік для настаўнікаў, каб «настаўнікі розных краін мелі агульнае ўяўленьне аб тым, як разьвівалася гісторыя нашых дзяржаў».

На думку расейцаў, у СНД мусіць быць супольныя падручнік, хутчэй, па хіміі і матэматыцы, чым па гісторыі.

Беларуская прапанова аб стварэньня агульнага падручніка прагучала на двухдзённым зьезьдзе настаўнікаў і супрацоўнікаў сыстэмы адукацыі краін СНД, які адбываецца ў Астане.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1013 seconds.