Большасьць беларусаў у Facebook — дзяўчыны

Крыху болей за 50 тысяч беларусаў карыстаюцца сацыяльнай сеткай Facebook. Гэта найменшы паказчык сярод усіх эўрапейскіх краін. Прычым большасьць зь беларускіх юзэраў гэтай сеткі — дзяўчыны, якім ня споўнілася 25 гадоў.

Паводле статыстыкі facebakers.com, толькі 58 140 беларусаў карыстаюцца найбольш папулярнай у сьвеце сацыяльнай сеткай Facebook. У рэйтынгу facebakers наша краіна займае 125 месца па колькасьці юзэраў, знаходзячыся паміж такімі краінамі, як Новая Каледонія і Фіджы.


45% беларускіх карыстальнікаў Facebook - маладыя людзі ва ўзросьце ад 18 да 24 

Беларусь сур’ёзна саступае па колькасьці юзэраў Facebook сваім суседзям. У Літве гэтым сэрвісам карыстаюцца каля 600 тысяч чалавек, у Польшчы амаль 2.5 мільёны, ва Ўкраіне 354 тысячы, а ў Расеі каля мільёну карыстальнікаў. Атрымліваецца, што кожны сёмы жыхар Літвы карыстаецца гэтай сеткай. У Беларусі ж гэта лічба складае толькі 0.58% насельніцтва.

Па абсалютнай колькасьці карыстальнікаў Беларусь — самая непрадстаўленая эўрапейская краіна ў Facebook. Па гэтым паказчыку ёй саступаюць толькі такія карлікавыя дзяржавы, як Андора і Манака.

Яшчэ больш вылучаецца Беларусь сярод суседзяў гэндэрным складам юзэраў. Беларускія дзяўчыны і жанчыны складаюць 59% яе карыстальнікаў. У Літве гэты паказчык ніжэйшы — 55%, 54% у Польшчы і 53% юзэраў з Украіны пазначылі сваю палавую прыналежнасьць як «female».


Беларускіх дзяўчын у Facebook экстрымальна болей, чым хлапцоў

Па колькасьці карыстальнікаў Facebook першае месца ў сьвеце займае ЗША, за імі ідуць Брытанія і, як тое ні дзіўна, Інданэзія.

Затое беларусы зь вялікай ахвотай карыстаюцца расейскім сэрвісам VK.com. Па дадзеных RGmedia, на гэтай сацыяльнай сетцы зарэгістраваныя каля 1 725 тысяч беларусаў. Амаль кожны другі — хлопец ці дзяўчына ад 18 да 24 гадоў. Гэндэрная роўнасьць амаль поўнасьцю захоўваецца зь невялікай перавагай прыгожага полу.

Свае дадзеныя facebakers будуе на аснове статыстыкі для рэклямадаўцаў гэтай сацыяльнай сеткі.

Нядаўна Facebook стаў самым наведвальным сайтам ЗША, праўда пратрымаўся ён на гэтай пазыцыі нядоўга. Празь некаторы час пошукавік Google вярнуў сябе пальму першынства.

У Generation.bY таксама ёсьць свае старонкі і ў Facebook, і ў Vkontakte.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0641 seconds.